Былыя вязні правядуць экскурсію па Менскім гета


70 гадоў таму ў Менску зліквідавалі адное з найбуйнейшых у Еўропе габрэйскае гета, у якім у розны час былі ад 30 да 100 тыс. чалавек. З 21 да 23 кастрычніка 1943 года ў Менскім гета прайшлі масавыя пагромы. Яны і сталі фіналам амаль поўнага знішчэння габрэйскага насельніцтва нашай краіны.

Ужо праз тыдзень пасля нападу на Савецкі Саюз Менск акупавалі немцы. Менскае гета праіснавала з ліпеня 1941 да кастрычніка 1943 года. Акупацыйныя ўлады стварылі яго ў паўночна-ўсходняй частцы гораду на тэрыторыі памерам 2 км².

З лістапада 1941-га ў Менскае гета дэпартавалі нямецкіх, аўстрыйскіх і чэшскіх габрэяў. Непрацаздольных забівалі, астатніх адпраўлялі на прымусовыя працы. У жніўні 1942 года ў гета былі прыблізна 9 тыс. габрэяў, але да часу яго ліквідацыі ў 1943-м жывых практычна нікога не засталося.

У памяць пра дзясяткі тысячаў забітых на менскай зямлі габрэяў у гэтыя дні ў сталіцы пройдзе шэраг жалобных мерапрыемстваў.

Ля мемарыялу «Яма» сёння 21 кастрычніка ўсклалі памятныя вянкі.

У Менскім габрэйскім доме пройдзе круглы стол наконт праблемаў вывучэння і захавання памяці пра Галакост з удзелам гісторыкаў. Пакажуць дакументальны фільм пра Менскае гета. У другой палове дня былыя вязні сталічнага гета правядуць экскурсію па тэрыторыі сваёй турмы, якая цудам не стала для іх магілаю.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў