Хрысціянскія дэмакраты захапілі лідарства ў моладзевым дэмакратычным руху Беларусі


Мяркуе сакратар аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі. «Моладзевы дэмакратычны рух у Беларусі цяпер перажывае не найлепшыя часы. Але вы змаглі захапіць лідарства ў ім. Гэта вялікая адказнасць», – зазначыў Дзяніс Садоўскі, выступаючы 20 кастрычніка на ўстаноўчым з’ездзе моладзевага грамадскага аб’яднання.

Паводле Садоўскага, МХД, як і БХД, чакаюць «вялікія выклікі – мясцовыя і прэзідэнцкія выбары»: «Наколькі эфектыўна будзем працаваць мы з вамі, гэтак і будзе жыць Беларусь у найбліжэйшыя пяць гадоў, а можа, і ў больш працяглай перспектыве. Перад намі стаіць сур’ёзная адказнасць за будучыню Беларусі». Сакратар аргкамітэту таксама зазначыў, што чакае актыўнага вылучэння кандыдатаў ад МХД на мясцовых выбарах, удзел у якіх стане рыхтаваннем да прэзідэнцкіх выбараў.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі пажадаў, каб дэвізам МХД сталі словы «менш словаў – больш справаў»: «МХД шмат зрабіла, але ў пэўнай ступені бракавала адказнасці. Вы зможаце перамагчы ў любой справе, калі адчуеце адказнасць, тое, што менавіта вы можаце змяніць сітуацыю».

Яшчэ адзін сустаршыня БХД Павел Севярынец (19 кастрычніка палітык выйшаў на волю) зазначыў, што за тры гады, якія ён правёў ва ўмовах абмежавання волі, з’явілася цэлае новае пакаленне хрысціянскіх дэмакратаў. «Вашая роля вельмі важная. Цяпер вырашаецца, будзе Беларусь незалежная або стане часткаю Расеі», – падкрэсліў ён.
{movie} Паўла Севярынца сустракаюць на чыгуначным вакзале ў Менску|right|12981{/movie}
Падчас устаноўчага з’езду старшынёю МХД абралі 24-гадовую Марыну Хоміч, якая скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Беларуская філалогія». На парламенцкіх выбарах 2012 года вылучалася кандыдатам на дэпутата, агітавала за байкот выбараў, а перад галасаваннем знялася з выбараў.

Паводле статуту, МХД – рэспубліканскае моладзевае грамадскае аб’яднанне, якое лучыць грамадзянаў на добраахвотных пачатках для супольнай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных ды іншых правоў. МХД ёсць свецкім і нерэлігійным аб’яднаннем, дзейнасць якога распаўсюджваецца на ўсю краіну.

Пасля леташняга з’езду (3 лістапада 2012 года) Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі арганізацыі паводле трох пунктаў. Па-першае, у міністэрстве мяркуюць, што спіс заснавальнікаў арганізацыі можа не адпавядаць рэчаіснасці, бо пазначаныя несапраўдныя месцы працы заснавальнікаў. Па-другое, Мінюст паказвае на тое, што заснавальнікі не далі дадатковых матэрыялаў, якія маюць дачыненне да з’езду, у прыватнасці – дамову з гаспадаром памяшкання і спіс рэгістрацыі ўдзельнікаў з’езду. Ініцыятары стварэння арганізацыі лічаць такое патрабаванне незаконным, а таму не сталі выконваць рэкамендацыяў міністэрства. Па-трэцяе, на думку міністэрства, заснавальнікі арганізацыі аформілі дакументы з парушэннямі правілаў арфаграфіі ды пунктуацыі, якія датычаць ужывання вялікай літары на тытульным лісце і дзвюхкосся.

Ю.В. Паводле БелаПан

Стужка навінаў