Абвесцілі пераможцаў «Bulbamovie»! (+Фотарэпартаж)


Названыя фільмы-пераможцы фестывалю «Bulbamovie», што адбываецца ў Варшаве.

«Залатую бульбу» атрымала анімацыйная стужка «Фокус» Марыі Матусевіч. Галоўны герой фільму – белы трус. Ён жыве ў маленькім здымным пакоі, поўным сюрпрызаў. Менавіта вакол гэтых нечаканак пабудаваная анімацыйная гісторыя: белы трус прыбіраецца ў пакоі пасля чарговай катастрофы.

«Срэбнаю бульбаю» ўзнагародзілі дакументальны фільм рэжысёркі Таццяны Сяцко «Не веру». Гэты фільм прысвечаны праблемам сучаснай беларускай акторскай адукацыі. Kамера ў гэтым фільме не асуджае, яна проста сочыць за гэтым, што адбываецца.

«Бронзавую бульбу» журы прысудзіла анімацыйнай стужцы «Горад» (рэжысёры Андрусь Такiнданг і Дзяніс Мiжуй). Падзеі разгортваюцца ў Менску. Музыка гурта «RECHA» ператварае зомбі, якія лютуюць у горадзе, у звычайных людзей, што сімвалізуе сілу ўплыву мастацтва на грамадства. У фінале музыкі едуць ратаваць сваёй творчасцю іншыя гарады.

Адмысловую прэмію тэлеканалу «Белсат» – медыйнага партнёру «Bulbamovie» – атрымаў рэжысёр Сяргей Каласоўскі за дакументальную стужку «Чорны і белы». Гэта фільм пра дзяўчыну Таццяну і ейнага сына Даніка. Гераіня ў адчаі шукае рысу паміж белым і чорным, дабром і злом. Яна балансуе паміж небяспечным хобі, начным адпачынкам і маленькім хлопчыкам, які проста хоча, каб мама была побач.

Фестываль беларускага кіно «Bulbamovie» тройчы ладзяць у Варшаве. Гэта бадай адзіная магчымасць пабачыць на вялікім экране ўвесь спектр незалежнай беларускай кінавытворчасці.

{movie}У чарзе па «бульбу»|right|12978{/movie}

Сёлета на конкурс прайшлі 16 стужак. Дырэктар фестывалю Януш Гаўрылюк падкрэсліў, што сёлета фільмы, прывезеныя на конкурс, – вельмі высокага ўзроўню.

Сярод сябраў журы – працаўнік нашага тэлеканалу Ежы Каліна, аўтар больш як сотні рэпартажаў і дакументальных фільмаў, зрэалізаваных у некалькіх краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

У нядзелю пройдзе другі дзень фестывалю – з майстар-класамі ды кінапаказамі. Сярод іншага прадэманструюць стужкі «Goodbye, бацька» (2004), «Жыве Беларусь» (2012) ды «Кастусь Каліноўскі» (1927). Уваход вольны.

МЛ, belsat.eu

Фота Змітра Ягорава

Стужка навінаў