Партыя БНФ хоча спытаць беларусаў пра вайсковыя базы, выбары ды Еўразвяз


На паседжанні сойму Партыя БНФ вызначылася з пытаннямі, якія лічыць неабходнымі для вынясення на «Народны рэферэндум».

Найболей рэйтынгавымі паводле вынікаў галасавання былі пытанні:

«Ці згодныя вы з тым, што кіраўнікі выканаўчай улады адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак Беларусі мусяць абірацца грамадзянамі Беларусі, якія жывуць на тэрыторыі адпаведных адзінак, шляхам усеагульнага галасавання?»;

«Ці падтрымліваеце вы размяшчэнне любых ваенных аб’ектаў замежных дзяржаваў на тэрыторыі Беларусі?»;

«Ці падтрымліваеце вы ўвядзенне заканадаўча зацверджанага мінімуму дзяржаўных выдаткаў на ахову здароўя на ўзроўні 8 % ВУП?»;

«Ці згодны вы з тым, каб рэалізацыя важных дзяржаўных пастановаў і праектаў, якія істотна ўплываюць на жыццё грамадзянаў (прыватызацыя буйных дзяржаўных прадпрыемстваў стратэгічнага значэння, будаўніцтва АЭС, уваходжанне ў мытныя і ваенныя саюзы), адбывалася толькі пасля абавязковага ўзгаднення з народам Беларусі праз правядзенне мясцовых і рэспубліканскіх рэферэндумаў?»;

«Ці згодныя вы з тым, што ч. 1 арт. 81 Канстытуцыі РБ мусіць быць зменена і прынятая ў наступнай рэдакцыі: «Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам РБ на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Адная і тая ж асоба не можа быць абраная прэзідэнтам больш як на два тэрміны»?;

«Ці падтрымліваеце вы дзеянні, скіраваныя на падпісанне Рэспублікаю Беларусь дагавору аб стварэнні глыбокай і ўсёабдымнай зоны свабоднага гандлю паміж РБ і ЕЗ?».

Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, гэтыя пытанні будуць прапанаваныя партнёрам з кампаніі правядзення «Народнага рэферэндуму» для абмеркавання і ўлучэння ў канчатковы спіс пытанняў. Паводле Янукевіча, да 24 кастрычніка ініцыятары «Народнага рэферэндуму» вызначацца з 10 пытаннямі для рэферэндуму, затым цягам двух тыдняў скароцяць іх спіс да пяці і абвесцяць пра пачатак збору подпісаў у падтрыманне вынясення пытанняў на рэферэндум.

Кампанія «Народны рэферэндум» ініцыяваная рухам «За Свабоду», грамадзянскаю ініцыятываю «Гавары праўду!» і Партыяй БНФ. Да іх далучылася Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў