Жаўнеры на паказе фільму «Белсату» ў Менску


На публічным паказе стужкі Антося Цялежнікава «Праклятыя і забытыя» прысутнічалі людзі ў форме Беларускай краёвай абароны.

Сёння ў Глыбокім адбудзецца паказ фільму Антося Цялежнікава «Праклятыя і забытыя» пра беларускіх жаўнераў-дыверсантаў і сябраў Беларускай незалежніцкай партыі, якія змагаліся супраць СССР падчас Другой сусветнай вайны і некалькі гадоў пасля яе.

{movie}«Праклятыя і забытыя», дак. фільм, ч. 1|right|12968{/movie}

18 кастрычніка стужку паказалі ў Менску. У «Арт Сядзібе» сабраліся тры дзясяткі асобаў. Яны мелі магчымасць не толькі паглядзець дакументальны фільм, які ўжо выклікаў дыскусію сярод тых, хто паспеў убачыць яго ў эфіры «Белсату», але і задаць пытанні рэжысёру і акторам.

Паказ атрымаўся перформансным. Пасля прагляду «Праклятых і забытых» прадэманстравалі адну з карцінаў партрэтнай серыі «Беларускі рэзістанс» мастака Алеся Пушкіна, з якім звязаная адна з сюжэтных лініяў фільму. Гэта партрэт антысавецкага партызана Яўгена Жыхара.

На імпрэзе прысутнічалі і людзі ў форме жаўнераў Беларускай краёвай абароны. Адзенне паводле гістарычных узораў стварылі беларускія рэканструктары.

{movie}Праклятыя і забытыя. Трэйлер. 2 серыя |right|12969{/movie}

Гаворачы пра персанажаў свайго фільму, рэжысёр Антось Цялежнікаў адзначыў, што гэты перыяд беларускай гісторыі нельга разглядаць у чорна-белых фарбах, з савецкімі штампамі. «Героі, асобы, якія выступалі за свабоду, незалежнасць Беларусі, былі з абодвух бакоў. Часта даводзілася рабіць складаны выбар. У кагосьці ён быў свядомы, у іншага – вымушаны. Яны рабілі, што маглі на той момант. Напрыклад, многія сябры БНП разглядалі нямецкую дыверсійную школу «Дальвіц» папросту як матэрыяльна-тэхнічную базу».

Галоўную ж задачу такіх фільмаў рэжысёр бачыць у раскрыцці таямніцаў нашай гісторыі, якіх яшчэ надзвычай багата: шмат іх схавана ў архівах КДБ.

Напрыканцы імпрэзы яе ўдзельнікі атрымалі прэзент ад «Белсату» – торбы і дыскі з фільмам «Праклятыя і забытыя».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў