Павал Севярынец у Менску – першыя фота на волі (дадаліся відэа і каментар)


Сёння на волю выйшаў Павал Севярынец. Былога палітвязня пасадзілі на начны цягнік у Менск, які прыбыў а 8:42. З журналістамі палітык сустрэўся ўжо на прыватнай кватэры.

У Купліне былога палітвязня пасадзілі на начны цягнік у Менск, які прыбыў а 8:42. На вакзале яго чакалі сябры. Было поўна АМАПу. Затрыманыя некалькі журналістаў. Паводле звестак БАЖу, журналістаў ужо адпусцілі.

Намеснік начальніка камендатуры: у прэзідэнты ўжо не возьмуць

Палітвязень распавёў, што сёння а палове на чацвёртую раніцы яго раптам абудзілі працаўнікі спецкамендатуры і загадалі збіраць рэчы. Пасля адвезлі на чыгуначную станцыю і далі квіток на цягнік да Менску. Намеснік начальніка спецкамендатуры з усмешкаю заявіў Севярынцу, што з двума судзімасцямі «ісці ў прэзідэнты» ўжо нельга.

Паводле Паўла, пасажыры цягніка пазналі яго, выказвалі сваё падтрыманне і цікавіліся лёсамі іншых асуджаных паводле справы аб масавых закалотах 19 снежня 2010 года.

На думку Севярынца, татальных затрыманняў сёння не было таму, што ў Менску працуе місія Міжнароднага валютнага фонду, у якога ўлады Беларусі збіраюцца прасіць чарговы крэдыт.

Паўла Севярынца меліся вызваліць з «хіміі» ў вёсцы Куплін (Пружанскі раён на Берасцейшчыне) а 10:00. Сустракаць яго збіраліся ягоныя блізкія, сябры, журналісты, калегі ды паплечнікі. Аднак адміністрацыя загадала разбудзіць палітвязня ўначы і пасадзіць на цягнік Берасце–Масква.

{movie}Паўла Севярынца сустракаюць на чыгуначным вакзале ў Менску|right|12966{/movie}

Пасля вызвалення Павал Севярынец збіраўся у Менск, бо ў суботу спаўняецца 25 гадоў з моманту заснавання Беларускага народнага фронту. На святкаванне яго запрасілі абедзве цяперашнія партыі. Апроч таго, 20 кастрычніка палітыка чакаюць на з’ездзе Маладых хрысціянскіх дэмакратаў, а на 22 кастрычніка ў Севярынца запланаваная сустрэча з журналістамі ды грамадскасцю. 21-га яму трэба ўстаць на ўлік у РАУСе паводле месца жыхарства – у Віцебску.

“На “хіміі” меў час на кнігі, малітвы і спорт

У інтэрв’ю Беларускай асацыяцыі журналістаў напярэдадні вызвалення Павал Севярынец распавёў, што ў Купліне ён меў час на кнігі, малітвы і спорт. І ніколі не пачуваўся без увагі: за 2,5 гады амаль тысяча асобаў наведалі яго асабіста, апроч гэтага ён атрымаў каля 2,5 тыс. лістоў, на большасць намагаўся адказаць. Галоўны ж творчы вынік «адсідкі» – кніга «Беларуская глыбіня», якая складаецца з 85 эсэ.

Паўла Севярынца асудзілі да трох гадоў «хіміі» нібыта за арганізацыю масавых закалотаў. Яго затрымалі пасля Плошчы-2010, у ноч з 19 на 20 снежня. Пяць месяцаў ён правёў у СІЗА КДБ. Цяпер ён мяркуе, што на Плошчы «трэба было рабіць усё па-іншаму», а менавіта – «яднаць людзей на нейкім маральным грунце». Паводле Паўла Севярынца, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года пачаўся заняпад нацыянальнага руху, бо большасць актывістаў аказаліся за кратамі і страцілі надзею.

Аліна Кашкевіч, Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў