"Белліту не існуе ў Сеціве, бо аўтары хочуць мець папяровую кнігу"


Айчынны літаратурны працэс жыве і квітнее! Вось толькі наклады смешныя, прэміі сціплыя і аўтараў не бачна. Зрэшты, яны нікуды не падзеліся, а проста змянілі адрас – цяпер іх трэба шукаць у сеціве. Пра лёсы айчыннага сеткавага чытва вядоўца праграмы «Размова Жбанкова» гутарыць з рэдактаркаю сайту bookster.by Аляксандраю Дорскаю.

{movie}Аляксандра Дорская ў “Размове Жбанкова”|right|12951{/movie}

Сумна, але факт: белліт збольшага не мае попыту, імёны аўтараў ведаюць слаба, не кажучы ўжо пра тое, што якасць тэкстаў дазваляе жадаць лепшага. Аляксандра Дорская гаворыць, што ейны праект не мае на мэце радыкальна выправіць сітуацыю. «Але мы спадзяемся ў нязмушанай, можа, моднай манеры нашага сайту прыцягнуць да літаратуры не толькі заўсёднікаў імпрэзаў, крытыкаў, літаратуразнаўцаў, але і новую аўдыторыю. Адметны і фармат крытычных тэкстаў, бо задумвалася, што гэта не будуць звыклыя акадэмічныя крытычныя тэксты. Можа, нават не зусім прафесійныя», – гаворыць госця праграмы.

«У Сеціве беларускай літаратуры вельмі мала, можна на пальцах адной рукі падлічыць, колькі аўтараў маюць электронныя кнігі ды выдаюцца ў такім фармаце. У Еўропе палова ўсіх кніг, што выдаюцца, маюць таксама і электронны варыянт, – кажа Аляксандра Дорская. – Белліт не існуе ў Сеціве і не існуе ў віртуальнай прасторы. Нашыя аўтары яшчэ няхутка прыйдуць да гэтага фармату: яны хочуць папяровую кнігу, якую можна было б узяць у рукі ды паставіць на паліцу».

Госця праграмы ўпэўненая, што электронны фармат кніг патрэбны чытачу. Глядзіце больш – у праграме «Размова Жбанкова»!

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў