Расейцаў аштрафавалі за галюцынагенныя грыбы


Грамадзяне суседняй дзяржавы ехалі з галюцынагеннымі грыбамі з Амстэрдаму праз Беларусь.

Берасцейскі суд пастанавіў пакараць двух расейцаў штрафамі па Br 130 млн.

Як паведаміў Аляксандр Вільхавы, дзяржаўны абвінаваўца ў справе, 16 чэрвеня ў пункце мытнага афармлення «Варшаўскі мост» пры мінанні па зялёным калідоры беларуска-польскай мяжы ў 33-гадовага жыхара Маскоўскай вобласці і 31-гадовага жыхара Масквы, якія ехалі на аўтамабілі «Хонда», знайшлі 136,81 грама грыбоў, што змяшчаюць асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва псілацын.

10 пакункаў з такімі грыбамі былі схаваныя ў салоне аўтамабіля ў паражніне пад кансоллю паміж седаламі кіроўцы і пасажыра.

Паводле Вільхавога, пазней высветлілі, што гэтыя грыбы без мэты збыту расяяне набылі ў Амстэрдаме.

14 кастрычніка суд Маскоўскага раёну Берасця прызнаў іх вінаватымі ў перамяшчэнні групай асобаў па папярэдняй змове праз мяжу асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў з утойваннем ад мытнага кантролю, спалучаным з недэклараваннем (ч. 3 арт. 228 КК), і незаконным без мэты збыту захоўванні ды перавозе псіхатропных рэчываў (ч. 1 арт. 328 КК).

Як адзначыў Вільхавы, суд вынес вырак з выкарыстаннем арт. 70 Крымінальнага кодэксу (прызначэнне больш мяккага пакарання, чым прадугледжваецца за гэтае злачынства).

«Суд улічыў, што абвінавачаныя цалкам прызналі сваю віну, раскаяліся ў зробленым, іхныя станоўчыя характарыстыкі, а таксама тое, што яны раней не былі судзімыя, маюць на ўтрыманні малалетніх дзяцей», – дапоўніў дзяржабвінаваўца.

Ён адзначыў, што пасля абвешчання прысуду абвінавачаныя ў зале суда былі вызвалены з-пад варты. На сённяшні дзень яны цалкам выплацілі прызначаныя ім штрафы.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары