Супергероі амерыканскага серыялу «Ш.Ч.Ы.Т» – у еўрапейскай Беларусі


Еўрапейская архітэктура, шыльды крамаў – па-беларуску, паўсюль кветкі ды зеляніна, а па вуліцах шпацыруюць прывабныя мінакі.

Мару аб еўрапейскай Беларусі зрэалізавалі стваральнікі новага амерыканскага фантастычнага серыялу «Ш.Ч.Ы.Т» («S.H.I.E.L.D.» / «Щ.И.Т.»). Дзеянне ўсёй чацвёртай серыі адбываецца ў Беларусі, якая выглядае як класічная еўрапейская краіна.

Серыял, зняты на падставе коміксаў «Marvel», апавядае пра суперсакрэтнае агенцтва «Ш.Ч.Ы.Т», якое пераследуе злодзеяў са звышздольнасцямі. Адна з гераінь серыі, былая агентка, крадзе брыльянты на шмат мільёнаў долараў, яе і спрабуюць выкрыць.

Былую калегу, а цяпер злачынку, шукаюць у… Беларусі, у мястэчку Злода. Суперагенты з суперсамалётам запытваюць ва ўладаў Беларусі дазвол на пасадку. Нумар гатэлю ў невядомым беларускім паселішчы, дзе праходзіць гешэфт зламысніцы, выглядае вельмі няблага. На сцяне вісяць выявы з пейзажамі ды з царквою ў расейскім стылі.

Беларусь у фантазіі аўтараў фільму выглядае па-еўрапейску, але, падаецца, героі лічаць яе глухаманню.

Дыялог герояў-суперагентаў:

– Злода! Я марыла тут пабываць з дзяцінства!

– У Злодзе? У Беларусі?!

– Ну, ты што! У Злодзе ж нарадзіўся нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў, хаця тэхнічна ён з Віцебску.

На еўрапейскіх вуліцах кіношнай Беларусі паўсюль вісяць чырвона-зялёныя сцягі. З жыхарамі агент Колсэн размаўляе па-расейску, але шыльды крамаў – на беларускай мове. Шэўроны ж ахоўнікаў сакрэтнага даследчага інстытуту – чамусьці з расейскім сцягам.

Падчас пошуку злачынкі агентка кажа: «У гэтым горадзе амаль няма электрычнасці, будзе нескладана знайсці загадкавую зладзейку…»

Сакрэтны інстытут на Злоданшчыне выглядае абадрана, ахоўнікі (ці то паліцыянты) – суворыя, расейскамоўныя і са зброяй.

А інтэрнэт-юзэры, якія ўжо паспелі пабачыць новы амерыканскі твор, з гумарам абмяркоўваюць:

Pavel Arakelian

«Гляджу далей і люта рагачу, ведаючы ўлады Беларусі: пасля таго, як сакрэтныя агенты знойдуць брыльянты, іх, хутчэй за ўсё, чакае сустрэча з Мясніковічам, крыміналка з канфіскацыяй маёмасці, хатні арышт або нават расстрэл (на ўсялякі выпадак)… а што, нядаўна ж толькі з дрэваў злезлі :)».

{movie}Афіцыйны трэйлер серыялу S.H.I.E.L.D. |right|12937{/movie}

С.П., belsat.eu

Стужка навінаў