У Беларусі 12 тысяч рабоў


Беларусь апынулася на 117-м месцы у рэйтынгу рабства. Згодна са справаздачаю пра рабства ў сучасным свеце («Global Slavery Index 2013»), агульная колькасць жыхароў планеты, якія жывуць у паднявольных умовах, складае каля 30 млн чалавек. Паводле падлікаў Міжнароднай арганізацыі працы, прымусова на свеце працуюць каля 21 млн. чалавек.

Праведзенае сёлета даследаванне паказала, што ў Беларусі ва ўмовах рабства, пазыковай кабалы ці паднявольнай працы застаюцца да 12 тысячаў чалавек.

У нашай суседцы Расеі колькасць сучасных рабоў сягае 540 тыс. чалавек. А сама Расея месціцца на 49-м месцы ў сусветным «рэйтынгу рабства», які ўзначальваюць такія краіны, як Маўрытанія, Гаіці, Пакістан, Індыя, Непал і Малдова. Замыкаюць спіс Люксембург, Швецыя і Фінляндыя: тут, на меркаванне даследнікаў, рабоў практычна няма. Паводле гэтых звестак, найбольшая колькасць рабоў у абсалютных лічбах жыве ў Індыі (да 14,7 млн), Кітаі (да 3,1 млн), Пакістане (да 2 млн).

Аўтары дакладу выказваюць надзею, што іхнае даследаванне дапаможа ўладам ва ўсім свеце больш эфектыўна змагацца з рабствам.

Сусветны рэйтынг рабства склала аўстралійская праваабарончая арганізацыя «Walk Free Foundation», якая супрацоўнічае з шэрагам міжнародных праваабарончых аб’яднанняў, даследчымі інстытутамі ды навукоўцамі.

«Урады шмат якіх краінаў не захочуць прыслухацца да таго, што мы гаворым, – сказаў у інтэрв’ю агенцтву «France-Presse» Нік Грона (Nick Grono), кіраўнік «Walk Free Foundation». – …Мы гатовыя і цалкам адкрытыя да супрацы і будзем разам шукаць шляхі больш дакладнага вымярэння праблемы сучаснага рабства».

Справаздачу аўстралійскага фонду высока ацанілі сусветныя дыпламаты, у тым ліку былы дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан і былы прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Тоўні Блэр.

Прачытаць даклад і азнаёміцца з методыкаю ды статыстычнымі крыніцамі даследавання можна тут.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў