Валянцін Стэфановіч: Выходзіць, можна затрымліваць чалавека па любым нераскрытым злачынстве і трымаць год, два, тры


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што ўлады стварылі небяспечны прэцэдэнт, паўторна затрымаўшы людзей на новыя і новыя тэрміны ў якасці падазраваных.

Нагадаем, што 3 верасня ў Беларусі пачаліся масавыя затрыманні грамадскіх актывістаў у звязку з нападам на расейскую амбасаду ў Менску. А 6 верасня невядомыя кінулі «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятару на вул. Акрэсціна ў Менску, што справакавала новую хвалю арыштаў.

Маладых людзей паўторна затрымлівалі на чарговыя тэрміны па новых падазрэннях. Так, у справах сталі фігураваць яшчэ некалькі нападаў – на Дом прафсаюзаў, філіял «Беларусбанку», пастарунак міліцыі.

Паводле сайту праваабарончага цэнтру «Вясна» (spring96.org), 25 верасня яшчэ адзін актывіст, Ігар Трухановіч, быў выкліканы «на размову» і не вярнуўся дахаты. Ён утрымліваецца ў ізалятары на вул. Акрэсціна, пра што бацькам паведаміў дзяжурны.

24 верасня скончыліся чарговыя, сёмыя па ліку 72 гадзіны ўтрымання пад вартаю Міколы Дзядка, якому так і не прадставілі абвінавачвання. Як паведамляе сайт belarus.indymedia.org, яго перавялі ў СІЗА на вул. Валадарскага. Арышт працягнулі яшчэ на 10 дзён. Пасля таго, як яны скончацца, яму мусяць або прадставіць абвінавачванне, або вызваліць затрыманага.

Гэтым разам Міколу падазраюць у арганізацыі акцыі супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў «Захад–2009» каля Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі, калі на яго тэрыторыю кінулі дымавую шашку.

Як паведамляе партал Spring96.org, па гэтай справе дапыталі больш як 30 чалавек. Сярод іх – Аляксандр Ярашэвіч, Алена Дубовік і Ганна Чарнышова, якія займаліся інфармацыйным падтрыманнем зняволеных. Ад іх патрабавалі даць паказанні, што менавіта Мікола Дзядок арганізаваў гэтую акцыю.

belsat.eu

Стужка навінаў