Хто будзе апяваць беларускія трактары, тэлевізары ды халадзільнікі?


Дапамагаць роднай дзяржаве разгружаць склады гатовыя некаторыя беларускія музыкі. І калі адзін з гуртоў жартам пахваліўся пра поспехі абутковай кампаніі пасля іх песні пра кеды, то некаторыя цалкам сур’ёзна выказалі гатовасць апяваць беларускія трактары, тэлевізары ды халадзільнікі. І чакаюць замоваў.
{movie}Творчасць і камерцыя (16.10.2013) |right|12930{/movie}
Ці ёсць выразная мяжа паміж творчасцю і рэкламай? Адказ на пытанне хіба што ў плашчыні пачуцця гумару і пачуцця густу. І ў межах здаровага сэнсу, падкрэсліваюць эканамісты.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ
: «Што тычыцца тавараў штодзённага попыту, каторыя людзям патрэбныя, там розныя чаравікі, абутак, вопратка, то гэта можна рэкламаваць любымі спосабамі, і ва ўсім свеце яно так і рэкламуецца. І з танцамі, песнямі ды бубнамі звонкімі, так што нічога дзіўнага тут няма».

Гэтак, напрыклад, чальцы гурта “Дразды” жартам паведамілі пра тое, што Лідская абутковая фабрыка зафіксавала стабільнае павелічэнне продажу вырабаў, у прыватнасці, паўкедаў, пасля таго, як папулярнасць набыла… іх песня «Таму, што мы ў кедах». А вось спыняцца на дасягнутым музыкі не збіраюцца, а маюць намер дапамагчы дзяржаве разгружаць складскія запасы. Артысты заявілі, што створаць тэксты, прысвечаныя трактарам «Беларусь», беларускай самай салёнай солі ды найлепшым на свеце тэлевізарам «Гарызонт». І заклікаюць кантактаваць у гэтай справе з прадзюсарамі гурта «Дразды» і Віталём Качатковым.

ВІТАЛЬ КАЧАТКОЎ, МУЗЫКА, КАМПАЗІТАР: «Галоўнае, каб гэта было так менавіта, як мне падаецца, з гумарам, цікава і не пошла. І, вядома, не апускацца да ўзроўню такога вось наагул рэкламнага тэксту. Мне падаецца, што такую думку павінен бізнес і падтрымаць. Мы ж прапаноўваем сваю нейкую дапамогу».

Дзе ж яшчэ, у якой сферы ды якім прадпрыемствам прыдалася б такая дапамога? Адказу на гэтае пытанне шукалі карэспандэнты «Аб’ектыву» на вуліцах Менску.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ: «Аб прадукцыі Радашковіцкага керамічнага заводу можна праспяваць. Там шмат клёвай прадукцыі. І калі яна стане папулярная, то будзе прыкольна».
«Магчыма, што калі музыкі нешта праспяваюць, то нешта і атрымаецца, але нешта канкрэтнага я прапанаваць не магу».

«Рэкламаваць могуць не толькі тавары, але і некаторых асобаў».
«Наконт холадняў і тэлевізараў не ведаю, магчыма, што гэта будзе выглядаць смешна».

Такое ж меркаванне выказваюць і прафесійныя музыкі. На іхную думку, рэклама ў такім выглядзе сапраўды стане заўважнай. Але вось толькі яна можа пайсці зусім не на карысць артысту.

VINSENT, МУЗЫКА:
«Калі такія песні створыць артыст, які мае нейкую творчую пазіцыю, то гэтыя песні будуць выглядаць трошкі смешна сярод іншых у рэпертуары».

І, нарэшце, свабодны творца піша перадусім пра тое, што турбуе яго. Праблемы ж айчыннай прамысловасці – адсутнасць попыту з розных прычынаў, у ліку якіх і кепская якасць. Старая песня пра галоўнае? Але ж гэта зусім розныя песні.

Сяргей Скулавец, «Аб’ектыў»
https://youtu.be/eo6vw1zptkk

Глядзі таксама
Каментары