Савет Міністраў зацвердзіў спіс прадпрыемстваў, што заплацяць звышпадатак


Камунальнікі ствараюць рэестры няплатнікаў, а ўрад фармуе спісы тых, хто мусіць заплаціць звышпадатак – дадатковыя адлічэнні ў Фонд нацыянальнага развіцця. Савет Міністраў зацвердзіў пералік высокапрыбытковых прадпрыемстваў, за чый кошт будуць папаўняць дзяржбюджэт. Каго менавіта пазбаўляюць прыбыткаў і куды пойдуць грошы?
{movie}Спіс плацельнікаў (16.10.2013) |right|12929{/movie}
Да канца года ў Фонд нацыянальнага развіцця прадпрыемствы мусяць пералічыць больш за Br 210 млрд. У тройку найбольш буйных “спонсараў” Фонду ўвайшлі “Гомельтранснафта Дружба”, “Беларусьнафта” і гарадзенская тытунёвая фабрыка “Нёман”. За кошт гэтых прадпрыемстваў і будуць затыкаць дзіркі ў бюджэце.

АНТОН БОЛТАЧКА, ЭКАНАМІСТ: “Фонд нацыянальнага развіцця будзе выкарыстоўвацца для пакрыцця адмоўнага балансу бюджэту, і мы разумеем, што фонд будзе выкарыстоўвацца як крыніца для пакрыцця тых высокіх выдаткаў, якія будуць у наступным годзе”.

Агулам бюджэт Фонду нацыянальнага развіцця ў першым квартале сёлета склаў Br 365 млрд. Траціна гэтай сумы – плацяжы “Гомельтранснафты”, прадпрыемства, якое перапампоўвае расейскую і казахскую нафту на Захад. Але куды накіроўваюцца далей грошы, што з “Гомельтранснафты” трапляюць у Фонд нацыянальнага развіцця, не ведае нават намесніца дырэктара прадпрыемства, якой датэлефанаваўся “Аб’ектыў”.

СВЯТЛАНА КАЛЕСНІКАВА, ААТ «ГОМЕЛЬТРАНСНАФТА ДРУЖБА»: “Гэта звычайны падатак, які плоцяць прадпрыемствы, а куды выдаткоўваюцца падаткі ў бюджэце, гэта ж нам невядома. Гаворка ідзе пра тое, што гэтыя падаткі ўведзеныя для прадпрыемстваў, якія маюць прыбытак, гэта як падатак на прыбытак”.

У Міністэрстве фінансаў кажуць, што сёлета адмоўнае сальда бюджэту складзе мінус Br 17 трлн, і пакрываць гэта будуць якраз за кошт тых, хто яшчэ прыносіць прыбытак. У спіс плацельнікаў Фонду нацыянальнага развіцця ўлучылі 21 прадпрыемства, большая частка з якіх займаецца нафтахіміяй. Эксперты кажуць, што ў наступным годзе нагрузка на іх павялічыцца яшчэ больш.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ: “У суседніх краінах кожнае прадпрыемства можа на добраахвотнай аснове ўносіць грошы ў фонды, якія кансалідуюць высілкі кампаніяў на агульнаінавацыйныя ці фундаментальныя даследаванні, у беларускім выпадку гэта ўсё робяць прымусовым чынам”.

З прававога пункту гледжання ўсё добра. Дзяржава мае права забіраць прыбыткі ў дзяржаўных жа прадпрыемстваў. Але вось на практыцы збор сродкаў у Фонд, які мае фінансаваць у тым ліку мадэрнізацыю, дае эфект, адваротны развіццю.

АНТОН БОЛТАЧКА, ЭКАНАМІСТ: “З “Горадня-Азоту” забралі ўвесь прыбытак ды інвестыцыйны праект, які каштуе 1 млрд долараў замарозілі, бо ў прадпрыемства, фактычна, няма грошай”.

У спісе донараў эканомікі няма тых прадпрыемстваў, пра якія апошнім часам гаворка ідзе штодня: ані “Беларуськалію”, ані МАЗу. Зрэшты, тых, хто трапіў у спіс звышплацельнікаў, неўзабаве могуць адтуль выкрасліць. Досвед несуцяшальны: спачатку прадпрыемствы раскручваюць на грошы, а пасля пераключаюцца на іншых, хто яшчэ дае прыбытак.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў