Спачатку катаванні, потым – цырк. Як затрымлівалі Зейналава (відэа з падрабязнасцямі)


Расейскія медыі ператварылі затрыманне падазраванага ў забойстве ў шоу. На цэнтральных тэлеканалах некалькі разоў паказваюць, як затрымліваюць Архана Зейналава, а потым вязуць да міністра ўнутраных справаў Расеі, каб той паглядзеў яму ў вочы.

Апошняя кропля

Архана Зейналава падазраюць у забойстве 25-гадовага мужчыны ў маскоўскім раёне Бірулёва. Злачынства выклікала настолькі вялікі рэзананс, што мясцовыя жыхары выйшлі на вуліцы з патрабаваннем знайсці забойцу. Сход скончыўся пад ксенафобскія лозунгі закалотамі ды падпаламі.

Мясцовыя жыхары разграмілі базу з гароднінаю, якую трымаюць нарадзінцы Каўказу. Паліцыя затрымала дзясяткі пагромнікаў. Пазней праваахоўнікі зладзілі сапраўдную аблаву на мігрантаў з Каўказу.

Зейналава катавалі электрашокерам?

{movie}Арышт Зейналава|right|12911{/movie}

Затрыманне Зейналава было прынцыповаю справаю для расейскіх праваахоўнікаў і кіраўніцтва Масквы, якім і да хваляванняў у Бірулёве не вельмі давяралі.

Архана Зейналава схапілі ў парку у падмаскоўнай Каломне. «Вунь туды паглядзі. Па тваю ж**», – гаворыць адзін з паліцэйскіх, што затрымліваў Зейналава, калі пабачыў, што да іх набліжаюцца некалькі спецназаўцаў у масках. Пасля гэтага падазраванага пачынаюць біць па нагах. У наступным кадры ён ужо ляжыць на зямлі ў кайданках і крычыць. У руках людзей у масках – электрашокеры.

Зейналаў, лежачы на зямлі, цяжка дыхае і не мае сілаў падняцца. Таксама просіць не біць яго токам. Потым яго кладуць на падлогу паліцэйскага мікрааўтобуса і вязуць у пастарунак.

Шоу з удзелам галоўнага паліцэйскага

Затрыманне падазраванага здымалі прынамсі два аператары. Адзін з запісаў апублікаваны на «YouTube». Відэаролік складаецца з некалькіх урыўкаў: затрыманне Зейналава, апытанне сведкаў, Зейналаў у пастарунку. Пазней яго на верталёце дастаўляюць да міністра ўнутраных справаў Расеі Уладзіміра Калакольцава.

Спецназаўцы прыводзяць затрыманага проста ў кабінет міністра, загадваюць яму падняць галаву. Калакольцаў некалькі секундаў моўчкі глядзіць у вочы Зейналаву, пасля чаго звяртаецца да паліцэйскіх, дзякуючы за «зладжаныя дзеянні» – «хоць апошнім часам было шмат папрокаў у прадажнасці ды ў тым, што ўся паліцыя купленая».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў