Афіцыйны Менск атрымаў запрашэнне на саміт «Усходняга партнёрства»


Раней паведамлялася, што запрашэнне на саміт перадасць Аляксандру Лукашэнку асабіста міністр замежных справаў Літвы. Аднак сустрэчы на высокім узроўні не адбылося – запрашэнне перадалі праз дыпламатаў.

Пытанне аб удзеле Рэспублікі Беларусь у саміце, які пройдзе ў лістападзе ў Вільні, – у кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы, паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных.

Паводле яго, запрашэнне ідэнтычнае як зместам, так і працэдураю ўручэння, запрашэнням, перададзеных іншым краінам – партнёрам «Усходняга партнёрства». «Гэта прынцыповае пытанне, бо Беларусь заўсёды прытрымлівалася пазіцыі неабходнасці забеспячэння сапраўднага раўнапраўнага падыходу да ўзаемадзеяння ў межах партнёрства», – падкрэсліў Андрэй Савіных.

Запрашэнні на саміт, які будзе праходзіць у Вільні 28–29 лістапада, перадалі дыпламатам Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Літоўскія медыі са спасылкаю на замежнапалітычнае ведамства паведамлялі, што запрашэнні адрасаваныя дзяржавам, а не канкрэтным асобам.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў