Экзатычная прапанова для турыстаў: экскурсія з бамжом, які ратуе кнігі


Абсалютна новае слова ў турыстычным бізнесе сказалі ў Празе. Там арганізавалі цыкл адмысловых экскурсіяў для чэшскіх і замежных турыстаў, падчас якіх наведваюцца… гарадскія клаакі, прытулкі для бяздомнікаў, месцы іхнай начоўкі, харчавання і шпацыраў па горадзе. Арыгінальны ракурс гораду, часта не вельмі прывабны, з бамжом-экскурсаводам на чале, арганізатараў, здаецца, ніяк не засмучае. А наадварот, як яны лічаць, дапамагае найлепей адчуць рэальнае жыццё места.

Сённяшняя экскурсія па чэшскай сталіцы, якую вядзе бомж з больш як 10-гадовым стажам жыцця на вуліцы і які з аблічча крыху падобны да французскага актора П’ера Рышара, прысвечаная вельмі высакароднай мэце: ратаванню кніг. Кніг, якія з тых ці іншых прычынаў выкінулі ў смецце іх уладальнікі. Чэшскі «Рышар» лічыць гэткія акцыі неразумнымі ды антыгуманнымі. Бо кнігі з асалодаю маглі б прачытаць іншыя людзі. І таму да экскурсіі ён падрыхтаваўся належна.

ЯН БАДАЛЕЦ, БЕСХАЦІНЕЦ:
«Для наведнікаў я прыхапіў вось гэтыя гумавыя хірургічныя пальчаткі, з дапамогай якіх можна даставаць кнігі проста з смеццевага кантэйнеру – без рызыкі падчапіць нейкую інфекцыю ці хваробу».

Як толькі бомж-экскурсавод сустракае на сваім шляху чарговы смеццевы кантэйнер, амаль усім целам дае нырца ў яго. А выплывае ўжо са «здабычаю» ды, вядома… са шчаслівай усмешкай. Ёсць улоў! Экскурсанты глядзяць на гэта ўсё з цікавасцю і захапленнем. А потым, калі камера ўжо не працуе, кІдаюцца ў кантэйнер самі.
{movie}Бомж-экскурсавод (15.10.13)|right|12907{/movie}
ЭКСКУРСАНТЫ:
«Пра гэтую экскурсію мы прачыталі ў інтэрнэце. Жывём у Празе ўсяго пару гадоў, і нам цікава ўбачыць крыху іншы яе бок».
«Мы бачым бамжоў, толькі калі яны сядзяць недзе ці швэндаюцца па вуліцах. А тут з іхнаю дапамогаю мы можам даведацца аб Празе нешта вельмі адмысловае».

Дарэчы, адмысловасць, як падкрэсліваюць арганізатары бомж-тураў, не толькі ў візуальным аспекце ці ў тым, што экскурсанты бачаць, а і ў тым, што яны чуюць.

ОНДРЖЭЙ КЛЮГЛЬ, АРГАНІЗАЦЫЯ «PRAGULIC.CZ»:
«Яны не проста глядзяць навокал на прыгожыя будынкі, але маюць шанец пачуць рэальныя гісторыі жыцця з пражскіх вуліцаў. І ўрэшце здольныя сэрцам адчуць сапраўднае жыццё гораду. З абсалютна іншай, нечаканай перспектывы…».

Сам жа 50-гадовы бесхацінец шчаслівы таксама. Бо ў яго ўрэшце з’явілася крыніца прыбыткаў. Нават дзве. Акрамя ганарару за экскурсіі ён атрымлівае грошы ў букіністаў за знойдзеныя на сметніку кнігі.

ЯН БАДАЛЕЦ, БЕСХАЦІНЕЦ:
«Для мяне гэтая дзейнасць ужо стала звычайнаю штодзённаю працаю. Бо я ўсведамляю, што аніякая іншая праца мне не свеціць. Цяпер я – прафесійны экскурсавод і ратавальнік кніг! Як «Грынпіс» ратуе прыроду і жывёлу, я выратоўваю кнігі».

Сёлета экскурсаводамі ў Празе, згодна з планамі, стануць яшчэ пяць бесхацінцаў. І сярод іх, кажуць, існуе нават конкурс «на вакантныя месцы». Бо…

…Апроч паловы з той сумы, якую плоцяць за экскурсію кліенты, – а гэта прыкладна па пяць еўраў «з носа», – бяздомнік мае цудоўную магчымасць завесці, як цяпер кажуць, і новыя сацыяльныя кантакты. Ды, што яшчэ больш важна, адчуць сябе ў цэнтры ўвагі. Увагі, якой гэтым людзям, чаго хаваць, гэтак бракуе ў жыцці. І з боку дзяржавы, і з боку іншых людзей.

Алесь Сіліч, «Аб’ектыў», Чэхія

Стужка навінаў