На памежным пункце пропуску ў Прывалцы вядзецца праслухоўванне


Памежны пропуск на дарозе з Горадні ў Літву ўрачыста адчынілі пасля рэканструкцыі.

Сёння зранку праз адноўлены пункт у вёсцы Прывалка праехаў першы аўтамабіль. Цяпер плыні транспарту ў абодвух кірунках праходзяць праз адзін будынак. Усталявалі таксама святлафоры. А для таго, каб пазбегчы канфліктных сітуацыяў, як гаворыцца ў прэс-рэлізе, з’явіліся відэаназіранне і аўдыёсістэмы.

Прапускная здольнасць пункту ў Прывалцы – такая ж, як на літоўскім баку. Гэта 1000 аўтаў за содні: 570 легкавікоў, 400 цяжкавікоў і 30 аўтобусаў.

Пункт пропуску «Прывалка» пачаў працаваць у 1992 годзе. Тады ён складаўся усяго толькі з металёвага вагончыка ды імправізаванага шлагбаума за 5 км ад лініі мяжы. У 1993-м пабудавалі часовы пост. Маштабную рэканструкцыю пачалі яшчэ ў 2010 годзе.

У 2014 годзе тут мае запрацаваць абсталяванне, якое будзе сканаваць транспарт. Ягоны кошт складае 2,78 млн еўраў. Грошы вылучаць у межах Праграмы трансгранічнай супрацы «Латвія–Літва–Беларусь».

Дарэчы, пост цяпер мае ўласныя свідравіны, воданапорную вежу і трансфарматарную падстанцыю. Будаўнічыя працы працягваюцца, але руху яны не перашкаджаюць.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў