Беларускую эканоміку чакаюць рэформы. На паперы ці ў рэчаіснасці?


https://youtu.be/sApv1YGNrmY

Трэба рэфармаваць эканоміку – гэтым разам кажуць не эксперты, а ўрад ва ўнісон з Набцбанкам. Зацверджаны план дзеянняў, у якім прапісаныя і прыватызацыя, і стымуляванне экспарту, і ўдасканальванне працы шэрагу эканамічных інстытутаў. План гэты з’явіўся напярэдадні перамоваў афіцыйнага Менску з патэнцыйнымі замежнымі крэдыторамі. У момант, калі грошы вельмі патрэбныя.

{movie}Да рэформаў гатовыя?|right|12888{/movie}

Што рубель губляе свой кошт, а ўласная прадукцыя слаба экспартуецца – ужо не схаваць ні ад беларусаў, ні ад замежнікаў.

Нават кіраўнік краіны перастаў сцвярджаць, што ў нас усё цудоўна.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ (11.10.2013):
“У эканоміцы вельмі шмат пытанняў, якія патрабуюць карэктавання”.

Карэктавання будзе недастаткова – вынікае са словаў міністра фінансаў. Прадстаўнікі ўраду і Нацбанку прэзентавалі план супольных дзеянняў у структурным рэфармаванні эканомікі. Прызналі: экспарт запавольваецца, паступленні ў бюджэт змяншаюцца з пачатку года.

МАКСІМ ЕРМАЛОВІЧ, МІНІСТР ФІНАНСАЎ:
“Звязана гэта было з тым, што змяніліся вонкавыя ўмовы гандлю нашых прадпрыемстваў. Гэта істотна паўплывала на стан рахунку бягучых аперацыяў. У выніку пацярпеў і бюджэт, і ўзнік пэўны ціск на золатавалютныя рэзервы”.

17 трлн рублёў стратаў бюджэту і недахоп валюты з аднаго боку, неабходнасць аддаваць даўгі – з іншага. На рэфінансаванне пазыкаў патрэбныя 900 млн долараў. Палову сумы ўлады спадзяюцца ўгандляваць з валютных аблігацыяў, другую – атрымаць з апошняга траншу крэдыту ад ЕўрАзЭс ($ 440 млн). Далей будзе спроба атрымаць фінансаванне ад Міжнароднага валютнага фонду, праз…

ТАРАС НАДОЛЬНЫ, НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК БЕЛАРУСІ:
“Павышэнне эфектыўнасці выкарыстання менавіта фактараў вытворчасці ды размеркавання рэсурсаў. Якаснае ўдасканальванне ўсіх галінаў эканомікі краіны і паляпшэнне эканамічнага патэнцыялу дзяржавы менавіта за кошт павышэння канкурэнтаздольнасці рэальнага сектару эканомікі”.

Гатовасць да рэфармавання афіцыйны Менск абвесціў акурат напярэдадні маніторынгу ў Беларусі місіі Міжнароднага валютнага фонду (17–28 кастрычніка). Стаўленне найбольш выгаднага для нас крэдытора планы ўраду могуць палепшыць. Гэта даўно абяцаная прыватызацыя.

АНТОН БОЛТАЧКА, ЭКАНАМІСТ:
“Спыненне субсідыяў з аднаго боку і выманне прыбытку з усіх прыбытковых прадпрыемстваў дазволіць даведацца, якія прадпрыемствы змогуць працаваць на гэтым рынку, якія канкурэнтаздольныя і могуць прыносіць прыбытак спачатку сабе, а потым – дзяржаве, у выглядзе падаткаў. Пасля гэтага непрыбытковыя варта выстаўляць на продаж ці банкрутаваць”.

Калі прыватызацыя будзе адбывацца такім чынам – капітал у краіну прыйдзе, лічаць эксперты. Згодна з планам ураду і Нацбанку, маюць таксама скараціцца выдаткі на будаўніцтва жытла і фінансаванне дзяржаўных праграмаў. Праз падатковую сістэму павысіцца канкурэнтаздольнасць нашых тавараў за мяжою. Спробы такіх рэформаў былі і раней, але…

СЯРГЕЙ ЧАЛЫ, ФІНАНСАВЫ АНАЛІТЫК:
“Фактычна цягам ўсёй другой паловы 2012 года і ўсяго 2013 года на чвэрць павысілі рэальныя прыбыткі насельніцтву, нягледзячы на тое, што рост эканомікі і блізка да гэтага не набліжаўся, ні – адпаведна, павышэнне эфектыўнасці працы. У гэтым і ёсць галоўная небяспека”.

І пра гэтую небяспеку ведае кожны міжнародны донар Беларусі – ці то міжнародны фонд, ці то фонд еўраазіяцкае садружнасці. Абодва пакажуць узровень даверу да абяцанняў афіцыйнага Менску – ужо ў гэтым месяцы.

Юлія Цяльпук, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары