Сапраўдныя беларускія мамы


Сёння адзначаем Дзень маці. Кветкі, паштоўкі, вершы ад дзяцей і традыцыйнае віншаванне ад прэзідэнта. Аднак для мамаў іхнае “прафесійнае” свята – не толькі нагода для гонару і ўспамінаў пра шчаслівыя дні, але і магчымасць уголас распавесці пра свае клопаты.

{movie}Інакшыя мамы|right|12887{/movie}

Шэры кастрычнік, на календары Дзень маці, і здымачная група “Аб’ектыву” спрабуе высветліць, ці добра быць мамаю ў Беларусі.

ЖЫХАРКІ МЕНСКУ:
“Лукашэнка наш стараецца, усё для гэтага зроблена, і ўвогуле так прыемна, што раніцою па тэлевізары нас павіншавалі”.
“Я б не сказала, што моцна клапоцяцца. Нават пра маладых мамаў. Што – на дапамогу можна пражыць?”
“Цяжка, вядома, на такія грошы расціць. Але, ведаю, садочкі добрыя, у мяне ўнук ходзіць, там і псіхолагі ёсць”.

Адмыслоўцы перакананыя: прынцыпы сямейнай палітыкі ў Беларусі слушныя і цалкам адпавядаюць сучаснасці.

ЛЮДМІЛА ПЕЦІНА, ЖАНОЧЫ НЕЗАЛЕЖНЫ ДЭМАКРАТЫЧНЫ РУХ:
“Прапісана вельмі шмат станоўчага ў нашай сямейнай палітыцы, але як на практыцы яно рэалізоўваецца – гэта праблема. Тыя захады, якія ў ёй прапісаныя, не выконваюцца напоўніцу. І ў першую чаргу гэта недахоп бюджэтных сродкаў”.

Адсюль і вынік – маленькая грашовая дапамога маткам, адвечнае жыллёвае пытанне. Аднак і сацыяльныя – не адзіныя праблемы матуляў. Асобныя цяжкасці з’яўляюцца ў тых, хто вырашыў узяць на сябе місію дзяржавы і зрабіць выхаванне ў сям’і нацыянальным, а дзяцей гадаваць беларусамі.

Як Крысціна і ейны 9-гадовы сын Мірон, які размаўляе ў літаральным сэнсе на матчынай мове. Калісьці ягоная мама разам з аднадумцамі стварыла старонку dzetki.org. Дзелячы свой час паміж працаю ў банку і хатнімі абавязкамі, Крысціна перакананая: выхоўваць па-беларуску – гэта цэлае майстэрства.

КРЫСЦІНА ВІТУШКА, МАМА МІРОНА:
“Трэба старацца, каб нейкія элементы беларускасці былі і ў дзіцячым садку, і ў школе, і на нейкіх гуртках, каб навокал да дзіцяці прыязна ставіліся, у пясочніцы, напрыклад, і каб былі сябры, і каб былі кніжкі, цацкі”.

Дзеці растуць, і інтарэсы бацькоў змяняюцца на ўласныя зацікаўленні. Мірона цікавяць не гісторыя і старажытныя абрады, а архітэктура і радыёфізіка. Неабходныя дадатковыя заняткі, а значыць – дадатковае асяроддзе і дадатковыя пытанні.

КРЫСЦІНА ВІТУШКА, МАМА МІРОНА:
“А чаму па-беларуску? З такім шчыра варожым стаўленнем сутыкацца не даводзілася, хоць часам пытанне гучыць правакацыйна і задзірыста”.

Падобныя выпрабаванні і ў іншых беларускамоўных матуляў. Вольга Сямашка, маці дваіх дзяцей і юрыстка па прафесіі, вывучае могілкі, прыбірае старыя помнікі, а ў ліпені, яшчэ будучы цяжарнаю, прэзентавала ўласную кнігу пра панскія могілкі ў Плябані. Яна перакананая, што беларуская мова ў сям’і мяняе саміх матуляў.

ВОЛЬГА СЯМАШКА, МАЦІ ЯНА І МАРЦІНА:
“Каго ні сустракаю з беларускамоўных маці, усе яны вельмі актыўныя, маюць актыўную жыццёвую пазіцыю і не проста сядзяць у дэкрэце. Лістуюцца, пішуць петыцыі, ладзяць праекты. Жыццё ідзе”.

Актыўнае нацыянальнае выхаванне, з волі нейкага парадоксу, у Беларусі азначае дадатковыя складанасці. Аднак матулі гэтыя, як ніхто іншы, ведаюць, што будучыня не ў палітыцы ды высокіх словах. А ў нашых дзецях.

Адэля Дубавец, “Аб’ектыў”

https://youtu.be/AvjaDnf0IMQ

Глядзі таксама
Каментары