У Менску кіроўца адстрэльваўся ад ДАІ з парабелума


Кіроўца-парушальнік аказаў супраціўленне працаўнікам ДАІ, спрабуючы ўцячы з месца здарэння, і выстраліў у аднаго з іх з баявога пісталета.

Інцыдэнт адбыўся апоўдні на вуліцы Кальцова ў Савецкім раёне сталіцы. Як паведамляюць відавочцы, кіроўца «Форда» збіў пешахода, а, калі прыехалі працаўнікі ДАІ, паспрабаваў уцячы на сваёй машыне. Яе заблакавалі, пасля чаго мужчына выстраліў у працаўніка Дзяржаўтаінспекцыі з парабелума.

Падазраванага затрымалі. Працаўнік міліцыі, згодна з папярэднімі звесткамі, не пацярпеў.

Распачалі крымінальную справу за замах на забойства працаўніка міліцыі (арт. 14 і арт. 362 КК). Афіцыйных каментараў у сувязі з гэтым здарэннем з боку МУС і Следчага камітэту пакуль няма.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў