Баўмгертнера неўзабаве могуць выдаць Расеі


Супраць кіраўніка «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера ў Расеі завялі крымінальную справу. Наступным крокам можа стаць патрабаванне экстрадыцыі расейскага грамадзяніна з Беларусі.

Як паведамляе расейскі Следчы камітэт, крымінальную справу распачалі ў дачыненні старшыні наглядальнага савету ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» – генеральнага дырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера, былога першага намесніка ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Канстанціна Саладоўнікава ды іншых асобаў паводле прыкметаў злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 201 КК РФ (злоўжыванне паўнамоцтвамі).

Крымінальную справу распачалі па выніках разгляду матэрыялаў, якія паступілі ад беларускіх праваахоўнікаў.

«З матэрыялаў вынікае, што названыя кіраўнікі, выконваючы кіраўнічыя функцыі ў камерцыйных арганізацыях, злоўжывалі сваймі паўнамоцтвамі, выкарыстоўваючы іх насуперак законным інтарэсам гэтых арганізацыяў і з мэтаю набыцця выгодаў і пераваг для іншых асобаў, што пацягнула нанясененне значнай шкоды і цяжкія наступствы для Беларускай калійнай кампаніі і «Беларуськалію», – гаворыцца ў паведамленні СК РФ.

Найбліжэйшым часам вырашаць пытанне пра вынясенне пастановы аб прыцягненні ў якасці абвінавачванага і пра абранне захады стрымання ў дачыненні Уладзіслава Баўмгертнера. Пасля чаго Следчы камітэт падрыхтуе дакументы аб экстрадыцыі Баўмгертнера на тэрыторыю Расеі.
У дачыненні іншых фігурантаў крымінальнай справы таксама будуць прымацца працэсуальныя рашэнні, у тым ліку звязаныя з выстаўленнем абвінавачвання і абраннем захады стрымання.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў