У Польшчы зладзілі «Забег за Статкевіча і свабодную Беларусь»


У мінулы ўікэнд ў катавіцкім парку імя Тадэвуша Касцюшкі адбыўся «Забег за Статкевіча і свабодную Беларусь». Арганізатарамі імпрэзы выступілі асацыяцыя «Праект «Сілезія» і бюро еўрадэпутата Марэка Мігальскага.

Восеньскі прабег зарганізавалі з мэтаю павысіць узровень інфармаванасці жыхароў горада Катавіцэ і Верхняй Сілезіі пра стан грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ды сітуацыі вакол палітвязняў у беларускіх турмах.

Арганізатары найперш хацелі распавесці пра беларускага палітыка Мікалая Статкевіча, кандыдата на прэзідэнта Беларусі на выбарах у 2010 годзе, які цяпер адбывае пакаранне ў турме закрытага тыпу ў Магілёве. У забегу прыняла ўдзел жонка палітвязня Марына Адамовіч. Яна ахвотна размаўляла з удзельнікамі акцыі і распавядала пра сітуацыю свайго мужа ды ягоную барацьбу за свабоду.

У акцыі прынялі ўдзел 50 асобаў. Двум пераможцам Марына Адамовіч уручыла паездкі ў Брусель. Спонсарам вандроўкі стала бюро еўрадэпутата Марэка Мігальскага.

Ю.В., К.Р., migalski.eu, belsat.eu

Стужка навінаў