У Беларусі ёсць віртуальныя туры ў... кабінет гінеколага


Топ-5 самых нечаканых прапановаў віртуальных экскурсіяў.

Новая мода ахапіла краіну – віртуальныя туры. Іх замаўляюць уласнікі прыватных лазняў і кватэраў “на суткі”, клубаў і гастраномаў. Можна таксама загадзя “ўжыцца” ў інтэр’ер кабінету, дзе вам будуць вырываць зуб, або выбраць месца ў кавярні.

Вось пяцёрка самых нечаканых тураў у фармаце 3D паводле версіі “Белсату”.



1. Кабінет гінеколага

Цяпер кожны ахвочы зможа ацаніць якасць медычнай мэблі і ў кабінеце жаночага доктара. Адна з прыватных менскіх клінікаў мае іх тры, і ўсе – у трохмерным фармаце.

2. Горы і мора “Беларуськалію”

Аматараў 3D-панарамаў так натхніў скандал вакол затрымання ў Беларусі гендырэктара “Уралкалію” Уладзіслава Баўмгертнера, што яны не паленаваліся зладзіць для інтэрнэт-карыстальнікаў экскурсію па запасах калійных угнаенняў у Салігорску.



3. Мабільная лазня

Відавочна, віртуальныя туры па лазнях папулярныя: на сайце аднаго толькі вытворцы трохмерных панарамаў іх амаль тры дзясяткі. Натхняюць ужо самі назвы – напрыклад, “Утеха” або “Не парься”. Але вось падарожжа ў лазню перасоўную – усё ж рэдкасць. Іх ініцыятар заклікае зазірнуць і ў парную, і ў памывачную.



4. Лядовы пакой

Гэты варыянт – для тых, каму ацяпленне падключылі своечасова і напоўніцу. Пакой з лёдам месціцца ў адным з беларускіх санаторыяў.



5. Дом беларускага мільянера

Павандраваць па паверхах самага дарагога дому беларускай сталіцы прапаноўвае ягоны забудоўца – кампанія “Трайпл”, якая належыць аднаму з самых багатых людзей нашай краіны Юрыю Чыжу. Квадратны метр у 23-павярховым доме на беразе Свіслачы, які атрымаў афіцыйную назву “Ля Траецкага”, каштаваў $ 3000. Як гэты цуд выглядае ўсярэдзіне, можна пабачыць, клікнуўшы па нумары кватэры на віртуальным макеце.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў