Відэаназіранне ў... прымяральні. Ці законна?


Хто б хацеў зайсці ў краму па новую бялізну ды выйсці адтуль зоркаю інтэрнэту? Усё часцей пакупнікі выяўляюць у айчынных крамах камеры назірання непасрэдна над прымяральнямі. Што важнейшае: гаманец прадаўца, які спрабуе засцерагчыся ад крадзяжоў, ці асабістая свабода пакупніка?

{movie}Спрэчны відэанагляд|right|12872{/movie}

Татальны кантроль робіцца ўсё больш татальным. У інтэрнэце, як абаранак з’есці, можна сустрэць фота ці відэа, зробленыя схаванымі камерамі. У тым ліку і ў месцах, асноўнае прызначэнне якіх менавіта ў тым, каб схавацца ад чужога вока.

Наўздагон суседзям усё часцей камеры назірання пачалі з’яўляцца і ў беларускіх крамах. Напрыклад, у прымяральні буціку «Tally Weijl», што ў менскім гандлёвым цэнтры «Сталіца».

УЛАДЗІМІР НАВАСЯД, «АБАРОНА ПРАВОЎ СПАЖЫЎЦОЎ»:
«Логіку ўвогуле прыватных асобаў і юрыдычных кампаніяў, якія займаюцца ўсталяваннем камераў перад прымяральнямі, у прынцыпе, паводле беларускіх рэаліяў, зразумець можна: шмат хто заходзіць з адным бюстгальтарам, пакідаюць свой – ну, вы памятаеце вядомыя персанажы. Менавіта каб пазбегнуць уласных стратаў, усё гэта і робіцца».

Паводле гаспадароў «Tally Weijl», камера хоць і вісіць літаральна над прымяральняю, аднак здымае выключна калідор, а відэа па-за межы крамы не выходзіць. Аднак такое тлумачэнне супакойвае далёка не ўсіх: ролікі, якія неаднойчы выклікалі скандалы ў суседніх краінах, у інтэрнэце маглі з’явіцца толькі праз службу аховы. Людзі кіруюцца зразумелаю логікаю: калі ты бачыш камеру, значыць, камера можа бачыць цябе.

ЖЫХАРКІ МЕНСКУ:
«Глядзяць на мяне. Я не ведаю, што далей будзе адбывацца з гэтым відэа. Я саромеюся!».
«Паставіць камеру ў прымяральні – гэта тое самае, што і паставіць яе ледзьве не ў прыбіральні!».
«Там будуць сядзець і назіраць за табою – мне здаецца, гэта рэальна дурна! Ну, і ў дачыненне людзей, грамадзянаў гэта непаважна!».
«Гэта парушае маю асабістую прастору – у яе папросту ўломваюцца! І мне папросту не падабаецца, калі за мною сочаць».

Наўпроставай забароны на размяшчэнне камераў назірання ў прымяральнях заканадаўства не прадугледжвае. Затое ёсць нарматывы, якія акрэсліваюць права кожнага грамадзЯніна на асабістае жыццё. І калі на ўваходзе ў краму няма папярэджання пра вядзенне ў памяшканні відэафіксацыі або калі камера замест публічнай прасторы – агульнай залы ці калідору – зазірае за шырму, пакупнікі могуць смела скардзіцца ў міліцыю ды суд.

УЛАДЗІМІР НАВАСЯД, «АБАРОНА ПРАВОЎ СПАЖЫЎЦОЎ»:
«Маё прыватнае жыццё – гэта маё прыватнае жыццё, і ўмешвацца туды нельга! То бок да нас ніхто не можа, напрыклад, зайсці ў кватэру, усталяваць камеру і сачыць за намі без нашай згоды. Альбо з дазволу пракурора, альбо пастанова суддзі. Тое ж самае дзее і тут. То бок чалавек прыйшоў ажыццяўляць набытак – ён нікому не даваў згоды здымаць, як ён гэта робіць».

Зрэшты, пазбегнуць канфлікту можна і ў дасудовым парадку, адзначае эксперт. Менавіта для гэтага і існуюць тыя ж кнігі скаргаў.

Акрамя нявольнага эксгібіцыянізму не меншае абурэнне выклікае і пытанне: а што ж з прэзумпцыяй невінаватасці? Атрымліваецца, апроч таго, што хавае вопратка, праз схаваныя камеры ў нас разглядаюць яшчэ і злодзеяў. Каб татальны кантроль не ператварыў, урэшце, нас у жыхароў адной вялікай камеры, свабоду варта адстойваць. Найперш – асабістую.

Валеры Руселік, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў