Назарбаеў: Беларусь падсоўвае нам старых кароў


Прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў абураны тым, што прылаўкі крамаў у ягонай краіне «заваленыя» беларускім мясам, пры гэтым для яго вытворчасці выкарыстоўваюць старых кароў.

«На маё даручэнне распрацавалі вялікую праграму развіцця мясной прадукцыі на экспарт. Для давядзення экспарту мяса да 2016 года да 60 тыс. тонаў з Нацыянальнага фонду вылучылі 120 млрд тэнге ($ 785 млн). Што цяпер адбываецца? За сем месяцаў гэтага года экспарт – нуль. Толькі Расея змагла б узяць амаль тысячу тонаў. Затое нашыя прылаўкі сёння заваленыя беларускім мясам», – прыводзяць медыі Казахстану словы Назарбаева на пашыраным паседжэнні ўраду краіны 11 кастрычніка.

«Мы ў Мытным саюзе, трэба ж разабрацца. Мы не пярэчым, мяса добрае, беларускае. Яны кажуць: каровы адпрацавалі сваё, рэжуць, і няхай казахі ядуць потым. Старых кароў нам падсоўваюць, а маладых сабе пакідаюць. Вы ведаеце, што мяса старой каровы катам даюць? Куды вы гледзіце? Хто-небудзь сочыць за гэтаю справаю?» – зазначыў кіраўнік Казахстану.

Паводле Назарбаева, Беларусь субсідуе сельскую гаспадарку на ўзроўні 18 %, а Казахстан – 4-5 %.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў