Адам Глобус: Пасля скарачэнняў у сферы культуры будзе толькі лепей


Літаратар і мастак Адам Глобус гаворыць у «Размове Жбанкова», што палова працаўнікоў культуры, якія трапяць пад скарачэнне, – гэта «далёкія ад культуры людзі».

Свой тэзіс ён праілюстраваў анекдотам з жыцця: «У тэатральна-мастацкім інстытуце ў кабінеце гісторыі КПСС былі сталы, і студэнты падчас заняткаў пісалі самыя брыдкія словы – мацерныя, звязаныя з полавымі органамі, і гэтыя органы яшчэ і малявалі. Калі перад новым навучальным годам вырашалі, хто будзе рамантаваць кабінет, усе сказалі: ясна хто – мастакі. Мастацкі факультэт сцвярджаў: гэта артысты ўсё намалявалі, бо мастакі малююць на паперы. Больш за тое, намалявана кепска, мастакі б намалявалі значна лепш, і напісалі б словы харошым шрыфтам, тут шрыфт паганы. Але рэктар стала на бок артыстаў: не, заплоцяць мастакі. …Праходзіць год, і раптам усе бачаць, што сталы чыстыя: не напісалі гэтыя брыдкія словы… Не намалявалі нічога. А хто ж тады маляваў? Высветлілася, што малявалі культпрасветработнікі. Ім адкрылі новы Інстытут культуры, і яны пайшлі туды. Вось так стварылі новы Інстытут культуры, які цяпер скарачаюць. Можа, сталы будуць крыху чысцейшыя? Цынічна, але гэта так».

{movie}Адам Глобус у “Размове Жбанкова”|right|12851{/movie}

Госць праграмы выказаў сумневы ў тым, што раённыя дамы культуры з іх секцыямі і студыямі, выхаванцы якіх танчаць «у вышыванках і брыльках», сапраўды прадукуюць культуру.

Адам Глобус прыгадаў, як яшчэ ў савецкія часы паехаў інспектарам у Магілёў, каб спраўдзіць, як працуюць студыі выяўленчага мастацтва для дзяцей і моладзі. Былі выпадкі, калі існавалі стаўкі, за якія людзі атрымлівалі грошы, а саміх студыяў не было. «Я ўпэўнены: тое, што цяпер скарачаюць, палова ставак не ішлі на культуру. Я ўпэўнены, што палова інстытуту культуры – гэта далёкія ад культуры людзі».

Паводле суразмоўцы, культура не залежыць ад штатнага раскладу, бо творчы чалавек мусіць быць яшчэ ініцыятыўны, запатрабаваны. Таму няма нічога кепскага ў тым, што ў век электронных бібліятэк частку бібліятэкараў скароцяць, а грошы накіруюць на стварэнне электронных каталогаў.

Неадназначная сітуацыя і з музеямі. Напрыклад, няма трагедыі ў тым, што Музей Броўкі страціць самастойнасць і стане часткаю агульнага літаратурнага. «Якое дачыненне музей Броўкі мае да вялікай беларускай літаратуры? На мой погляд, яго даўно трэба было зачыніць. Гэта чалавек, які атрымаў усе савецкія прэміі і напісаў адзін верш «Пахне чабор» – пра чабор, які насамрэч не пахне».

Адам Глобус мяркуе, што пасля скарачэнняў у дзяржаўных установах культуры пашырыцца поле культуры нефармальнай. «Гэтыя скарачэнні – да лепшага».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў