Галоўныя перлы з прэс-канферэнцыі Лукашэнкі (Тэкст + аўдыё)


За што літоўцы атрымаюць па мордзе, каго расстрэльваюць на месцы і ці захопяць гарадзенцы Калінінградскую вобласць? На belsat.eu – самыя нечаканыя, контраверсійныя і важныя выказванні Аляксандра Лукашэнкі з прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў!

16:25

Прэс-канферэнцыя трывала рэкаордныя 5,5 гадзіны. На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў журналістаў «прыгожыя з усмешкаю вочы», але адначасова з гэтым – «насцярожаныя». «Бо шмат хто ўжо хоча есці, а, як вядома, колькі салаўя песнямі не кармі…»

16:05



У адказ на пытанне пра стаўленне да канфлікту паміж Літвою і Расеяй, Лукашэнка нечакана запрапанаваў… аддаць Калінінградчыну Беларусі. «Калі літоўцы будуць так сябе паводзіць – атрымаюць па мордзе. Ніхто не мае права закрыць у нашую Калінінградскую вобласць мяжу. Аддайце нам Калінінградчыну! Мы кожны гектар, кожную сотку зямлі там будзем араць, зробім з яе квітнучы край!»

15:45

{movie}Лукашэнка: чаму Беларусь не прызнае Абхазію і Паўднёвую Асецію?|right|12848{/movie}

Журналіст «Голаса России» спытаў, чаму дагэтуль Беларусь не прызнала незалежнасці Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі. Лукашэнка адказаў на пытанне пытаннем: «А ці гэта трэба Расеі?» Потым дадаў, што ў выніку гэтага ходу Грузія «ўзбудзіцца», а Захад «успушыцца». Калі журналіст заўважыў, што хаўруснікі маюць выступаць адным фронтам, Лукашэнка ўзгадаў «газавыя», «малочныя» ды «цукровыя» войны з Расеяй. Да таго ж, паводле Лукашэнкі, прызнанне незалежнасці гэтых тэрыторыяў пагражала эканамічным калапсам для Беларусі з прычыны процідзеяння краінаў Захаду.

15:20

Журналіст газеты «Тюменская правда» спытаў пра барацьбу з карупцыяй. Лукашэнка заявіў, што «з гэтаю іржою» трэба змагацца кожны дзень. «У нас, у прэзідэнтаў, троху іншае мысленне, чымся ў іншых людзей. Мая незвычайнасць у тым, што я хачу застацца ў памяці людзей такім, каб у мяне ніхто каменем не кінуў, ці, як кажуць у вёсцы, палкамі вокны не закідалі», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

14:48

«5 канал» (Санкт-Пецярбург): вы сумуеце па СССР?

Аляксандр Лукашэнка: Я – чалавек савецкі. Я вырас у той краіне, ад той сістэмы мне дасталася – ледзь з партыі ў свой час не выключылі, два строгіх выгавары з занясеннем у картку, але не запісалі. Ледзь у турму не пасадзілі, калі выбары пайшлі, я супраць аднаго начальніка на выбары пайшоў. Мне паказалі, хто мае рацыю. Я гэта нармальна ўспрымаю. Было ўсяляк. Цяпер сістэма не лепшая. Але можна гаўкаць з падваротні, плюнуць у прэзідэнта. і табе нічога за гэта не будзе.

Журналіст газеты “Комунна” заўважыў, што не толькі Лукашэнка – савецкі чалавек, але і “большасць тых, хто сядзіць у гэтай залі”.

14:30

Журналіст газеты «Комсомольская правда» (г. Разань) спытаў, чаму ў Беларусі няма нелегальных мігрантаў і чаму так шмат казіно?

«Калі вы наехалі на свой гульнявы бізнес, яны хлынулі да нас. У нас рукі часаліся забараніць, але я сказаў: не. Паглядзім, ці прынясуць яны нам страты», – зазначыў Лукашэнка ды распавёў гісторыю пра тое, як масквічы прыехалі ў казіно і запатрабавалі «дзевачак»: “Багатыя і прасвечаныя масквічы прылятаюць на самалётах да нас пагуляць у казіно”. «А ў нас з гэтым жорстка! – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Тыя пабеглі шукаць «дзевачак» і проста ў камеру забеглі».

А праблемы з мігрантамі няма, бо «мы іх кантралюем і на мяжы пытаем: чаго прыехаў?»

14:10

Журналістка распавядае пра «гэтак званую апазіцыю», з якой сустрэлася ля амбасады Беларусі ў Маскве. «Мне страшна за Беларусь, калі такія людзі дарвуцца да ўлады», – заўважыла журналістка і пачала жаліцца, як кепска жывецца ў Расеі. «Раскажыце, як вы захоўваеце сацыяльныя гарантыі, ды шкада, што людзі гэтага не цэняць», – дадала яна.

«Мы троху разбэсцілі беларусаў. Мы не прайшлі праз памаранчовыя-блакітныя-карычневыя рэвалюцыі, у гэтым мая задача. Чаму я такі несвабодны перад народам чалавек? Бо мяне саплівым, у 38 гадоў, выбралі прэзідэнтам. Я дагэтуль не магу адказаць сабе на пытанне, чаму гэтак адбылося, – заявіў Лукашэнка. – Цяпер, калі цішыня і выбараў ніякіх няма. Усе сядзяць і чакаюць: будзе дэвальвацыя ці не? Я ім кажу: калі захочаце – будзе!»

13:56

Журналістка газеты «Завтра» запыталася пра «імклівы дрэйф» Украіны ў Еўропу: ці не ёсць гэта трагедыяй для «славянскага свету»?

«Страху ў гэтым няма, калі яны штосьці падпішуць з ЕЗ. Небяспека – у тым, што ў гэтых дакументах яны закрыюць сабе шлях да нас, у Мытны саюз, у Еўразійскі саюз», – заявіў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што не будзе магчымая супраца Украіны з іншымі краінамі ў межах Мытнага саюзу, калі будуць адкрытыя межы з Еўразвязам. «Але гэта ўсё мітусня. Украіна – гэта нашая краіна, гэта нашыя людзі, – падсумаваў Лукашэнка. – Нават калі яны заўтра ў NATO ўступяць, гэта ж нашыя людзі».



13:32

Пытанне карэспандэнта газеты «Вечерняя Москва»: каго з прадстаўнікоў расейскага бізнесу Менск не гатовы бачыць? «Жулікаў», – выстраліў Лукашэнка. І пачаў распавядаць пра калійны бізнес і тое, што ад гэтага залежыць якасць бульбы. Паводле кіраўніка дзяржавы, выключна дзякуючы ягонаму ўмяшанню «Беларуськалій» пачаў прыносіць значныя прыбыткі ў бюджэт Беларусі, а раней звышпрыбыткі атрымлівалі «жулікі».

Паводле Лукашэнкі, на ранейшага уладальніка «Уралкалію» «наехалі», каб той прадаў прадпрыемства. «Мужык прыйшоў да мяне і плача», – падзяліўся ўспамінамі Лукашэнка. Ён паведаміў, што пасля узбуджэння “калійнай” крымінальнай справы, Керымаў “падаў сігнал”: “прабачце, вінаваты”. Лукашэнка вінаваціць Керымава ў нанясенні стратаў бюджэту Беларусі ў памеры $ 3 млрд.

13:10

Журналістка тэлеканалу РБК узгадала пра Баўмгертнера і шахцёрскае паселішча Беразнякі ў Расеі, якое рэгулярна залівае паводкаю. Лукашэнка адразу яе перабіў, каб патлумачыць, дзе ўзяць грошы даць рады са стыхіяй.

«Я б Керымава і керымаўцаў зачыніў у адной камеры. Назаўтра яны б прадалі ўсе актывы ды па самым высокім кошце. А калі б не знайшлі пакупнікоў, я б знайшоў. І гэтыя 12–13 млрд долараў адправіў бы ў Беразнякі! Варыянт? Забраць у нягоднікаў акцыі ды адправіць людзям у Беразнякі», – заявіў Лукашэнка.

{movie}Лукашэнка пра Керымава і Баўмгертнера|right|12847{/movie}

12:56

«Не прадаў алігархам прадпрыемства – пачынаюць вешаць усіх сабакаў: што ты дыктатар і гэтак далей. Кажу: мужыкі – бярыце. Казаў жа «Беларуськалій», а яны рагаталі. І вось публікуе «Блумберг» кошт – 30 млрд», – заўважыў Лукашэнка, распавядаючы пра перавагі дзяржаўнага кіравання ў эканоміцы. «Што мяне прыцягвае ў рынку – гэта як у сваецкія часы сацыялістычнае спаборніцтва, так тут – канкурэнцыя», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

12:20



«У вас колькі дзяцей? – пацікавіўся Лукашэнка ў журналісткі, што пытала пра «матчын капітал. – Двое? Што гэта за парадак? Два хлопчыкі – добра, а дзе дзяўчынка? Калі вы зацяжарыце, не дай Божа, і захочаце нараджаць, прыязджайце ў Беларусь, і мы ўсё вам аформім». «Толькі ад беларуса», – адказала журналістка. Лукашэнка заявіў, што можа дапамагчы «гэта арганізаваць».

{movie}Лукашэнка: Калі, не дай Бог, зацяжарыце…|right|12846{/movie}

12:10

Журналістка запыталася пра «матчын капітал»: вы не баіцеся што нараджаць пачнуць асацыяльныя элементы?

«Баюся!» – прызнаўся Лукашэнка. І распавёў гісторыю пра тое, як у час да прэзідэнцтва змагаўся з сем’ямі, дзе бацькі не хацелі працаваць і дзеці праз гэта галадалі. «У нас сёння вельмі жорсткае стаўленне да тых, хто нараджае і за дзецьмі не глядзіць, – сказаў Лукашэнка. – Калі бацькі не працуюць – мы іх на «прынудзілку» адпраўляем».

12:00

Лукашэнка распавёў, як змагаліся ў 90-я з бандытамі.

{movie}Лукашэнка: Усіх, хто супраціўляўся, расстрэльвалі на месцы!|right|12845{/movie}

«Сабралі некалькі групаў, сабралі крутыя аўты і зрабілі пасткі на бандытаў на трасе ад мяжы да Берасця. Усіх, хто супраціўляўся, расстрэльвалі на месцы!»

Існуе меркаванне, што сілавікі, якія жорсткімі метадамі змагаліся з арганізаванаю злачыннасцю, пазней маглі быць у шэрагах «эскадрону смерці», ахвярамі якога сталі палітычныя апаненты Лукашэнкі.

11:45

Рэпліка ад газеты «Тамбовская жизнь»: учора пасля вячэры захацелася пахадзіць па горадзе і паглядзець Менск, але быў сумнеў – пайду гуляць, хто па доўбні дасць! Але жанчыны яго супакоілі: яму ў Менску пагражаюць толькі «стрэлы Амуру». На думку журналіста, Беларусь можа ужо распусціць міліцыю.



Лукашэнка ў адказ расказаў гісторыю пра тое, як падчас сустрэчы з Пуціным ён заўважыў, што адзін з чальцоў дэлегацыі «нос павесіў». «Аказалася, што чацвёра ўварваліся да сына ў кватэру, звязалі, на падлогу паклалі, забралі грошы, яшчэ штосьці. Я адразу ж пазваніў міністру ўнутраных справаў: гэтыя людзі мусяць быць знойдзеныя, І праз 4 дні іх знайшлі. Знайшлі ў кабінеце – аналітычныя хлапцы вылічалі. Цяпер яны чакаюць самага жорсткага пакарання». Паводле Лукашэнкі, ён можа ў любы момант узяць пад кантроль любую справу, кіраўнік РБ папікнуў Расею ў тым, што там падае раскрывальнасць злачынстваў, а вось у Беларусі – расце!

«У савецкія часы мы духам былі больш праведнікамі ды правільнымі, чымся паводле закону! Бо мы не ведалі гэтых законаў. Кепска ці добра, але нам у галаву ідэолагі ўбівалі, як трэба жыць!»

11:34

Пытанне пра вайсковыя вучэнні NATO, якія плануюцца бліжэйшым часам: чаму Захад гэтак рэзка зрэагаваў на расейска-беларускія вучэнні і чаму Беларусь не зважае на натаўскія манеўры?

«Палякі – ну чаму яны так віскаталі?» – запытаўся Лукашэнка. І сам адказаў на сваё пытанне: палякі хочуць атрымаць проціракетную сістэму ад ЗША ды іншыя «плюшкі і пернікі», а таксама грошы на падтрыманне баяздольнасці.

Тым часам наступны журналіст прызнаўся, што за час прэс-туру набраў вагу, бо вельмі добра кармілі.

11:23

Пытанне з Амурскай вобласці: якія перспектывы супрацы паміж Беларуссю і гэтым рэгіёнам? Лукашэнка распавядае, што некалькі гадоў таму да яго «нечакана» запісаўся «сціплы і сімпатычны» губернатар Амурскай вобласці. Ён прасіў парады: – як зарганізаваць у вобласці такую ж сістэму развіцця вёскі, як у Беларусі. «Ваш губернатар ляжаў… быў ля вытокаў развіцця рэгіёну. І мы гатовыя дапамагаць развіваць ваш рэгіён, як мы развіваем Беларусь», – запэўніў Лукашэнка.

Паводле журналісткі з Амурскай вобласці, многія мараць перасяліцца ў Беларусь. На што Лукашэнка адразу прывёў статыстыку: за год з Расеі прыехалі жыць у Беларусь 35 тысяч чалавек. У Расеі від на жыхарства атрымалі 9 тысяч чалавек.

11:14

Першае пытанне Лукашэнка адразу перарваў: яму не спадабалася, што да яго звярнуліся «спадар»: «Я яшчэ спадаром, прабачце, не стаў. У нас усе спадарамі сталі, а ў той жа час сярод гэтых спадароў – палова жабракоў! Я сябе заможным таксама не лічу».

Пытанне – пра «інтэнсіўны і даверлівы» дыялог паміж Лукашэнкам і Пуціным.

«Наш дыялог – гэта злепак тых праблемаў, якія існуюць паміж нашымі дзяржавамі», – сказаў Лукашэнка. Гэтыя праблемы, паводле кіраўніка дзяржавы, носяць аб’ектыўны характар.

11:12

Нечакана кароткі выступ: Лукашэнка гаворыць, што ўжо гатовы адказаць на любыя пытанні журналістаў.

11:00

Распачалася прэс-канферэнцыя. Аляксандр Лукашэнка прывітаў расейскіх журналістаў на «не чужой» беларускай зямлі. «Кожны прыезд у нашую краіну такой колькасці расейскіх журналістаў – вельмі важны для нас», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Паводле Лукашэнкі, такія прэс-туры дазваляюць жыхарам Расеі атрымаць інфармацыю, як сапраўды жыве Беларусь і беларусы.

Паводле Лукашэнкі, прэс-тур быў арганізаваны «без рэтушавання» праблемаў і адмысловай падрыхтоўкі прадпрыемстваў, куды прыязджалі расейскія журналісты. «Канечне, падлогу падмялі, а рэшта – так як ёсць», – падкрэсліў Лукашэнка.

У прэс-канферэнцыі возьмуць удзел каля 90 расейскіх журналістаў. Перад сустрэчаю з кіраўніком Беларусі госці з Расеі наведалі з экскурсіямі Гарадзеншчыну. Яны пабывалі ў СПК «Верцялішкі-прагрэс» на малочна-таварнай ферме, наведалі кардыялагічны цэнтр, аграсядзібу і прадпрыемства «Контэ Спа». Гэткі прэс-тур адбываецца ўжо адзінаццаты раз і традыцыйна сканчаецца вялікаю прэс-канферэнцыяй Лукашэнкі.

Па выніках падобных тураў у расейскай рэгіянальнай прэсе, на радыё і тэлебачанні з’яўляюцца сотні журналісцкіх матэрыялаў, якія ўсхваляюць дзяржаўнае кіраванне ў Беларусі.

Прэс-канферэнцыю будзе трансляваць у наўпроставай трансляцыі Першы нацыянальны канал Беларускага радыё. На старонцы «Белсату» вы знойдзеце самыя цікавыя фрагменты выступу Лукашэнкі перад расейскімі журналістамі ды адказы на іхныя пытанні.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў