Навошта нацыяналізавалі ЖКГ?


Кіраваць жыллёваю гаспадаркаю недзяржаўным арганізацыям забараняецца. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік краіны. Дакумент абгрунтоўвае захаду незадаволенасцю насельніцтва…

{movie}Нацыяналізацыя ЖКГ|right|12844{/movie}

Відэаназіранне, цудоўная дзіцячая пляцоўка і агульная занядбанасць. Усё гэта цяпер будзе абслугоўваць і ўсім кіраваць выключна дзяржава.

УКАЗ «АБ НЕКАТОРЫХ ПЫТАННЯХ ДЗЕЙНАСЦІ ТАВАРЫСТВАЎ УЛАСНІКАЎ І АРГАНІЗАЦЫЯЎ ЗАБУДОЎНІКАЎ»:
«Адмяняецца такая форма кіравання жыллёвым фондам, як кіраванне недзяржаўнымі арганізацыямі».

Практыка паказала адмоўны бок дзейнасці гэткіх аб’яднанняў, у тым ліку масу нараканняў насельніцтва на іх працу.

Адметна, што прэзідэнцкі ўказ перакрэслівае планы ўраду наконт лібералізацыі рынку камунальных паслуг, прапісаныя яшчэ ў канцэпцыі развіцця ЖКГ да 2015 года і прынятыя пастановаю Савету Міністраў. Паводле дакументу, да 60 % жыллёвага фонду мелася абслугоўвацца на аснове конкурсу паміж дзяржаваю і прыватнымі кампаніямі, якіх ужо цяпер налічваецца каля 15 па ўсёй Беларусі. Новы ўказ не забараняе прыватнікаў, а толькі стварае падставы для агульнай манаполіі ў жыллёвым комплексе.

УЛАДЗІМІР ЛАУТА, КІРАЎНІК ПРЫВАТНАГА ЖЭСУ:
«Праблема – тыя тарыфы, якія прапаноўвае дзяржава, яны ніколі не адлюстроўвалі фактычныя расходы і патрэбнасці ў фінансаванні дзейнасці таварыства, і калі мы да іх вяртаемся, то ўзаемадзеянне з нашай арганізацыяй ставіцца пад пытанне».

Незадаволеныя новаўвядзеннем і шараговыя кіраўнікі кааператываў, якія ўжо разважалі над магчымасцю адмовіцца ад паслуг дзяржавы на карысць прыватніка.

ВАЛЯНЦІНА ВЕРХАЛАЗАВА, СТАРШЫНЯ ЖЫЛЛЁВАГА КААПЕРАТЫВУ:
«Мы на абслугоўванні з 1979 года, яно абслугоўвае нас жудасна! Дому, які пачаў будавацца ў 1975 годзе, ужо 30 гадоў! Яго нават не паставілі ў чаргу на капітальны рамонт».

А ці ёсць нараканні на дзяржаўную сістэму кіравання жыллёваю гаспадаркаю і ці варта дапускаць прыватныя суполкі на рынак жыллёвых паслуг, мы запыталіся ў жыхароў Магілёва.

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:
«Убіраюцца так трохі. Не сказаць, што зусім».
«З прыватніка больш мажлівасцяў патрабаваць, чымся з дзяржаўнай службы».
«Мне падаецца, што калі яны будуць, то будзе канкурэнцыя, я думаю, што яны мусяць быць».

Падзяляюць меркаванне грамадзянаў і ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай кіраванню жытлом у краінах з пераходнаю эканомікаю, другі дзень якой завершыўся сёння ў Менску.

ГЕНАДЗЬ КАЛЁНАЎ, АСАЦЫЯЦЫЯ МЕНЕДЖМЕНТУ І НЕРУХОМАСЦІ:
«Манаполія – гэта заўсёды дрэнна. Аднаўленне дзяржаўнай манаполіі на кіраванне прыватнымі жылымі дамамі ні да чаго, апрача як павелічэння затратаў бюджэту РБ, не прывядзе».

І частку гэтых выдаткаў дзяржава абавязкова перакладзе на плечы беларусаў – у профільным міністэрстве неаднойчы за апошні час згадвалі намер паступова павялічыць вагу жыровак, нават удвая. Паводле экспертаў, новы ўказ адкідае Беларусь на некалькі крокаў назад. Бо ўсе краіны-суседкі як з Захаду, гэтак і з Усходу ўжо даўно пазбавіліся дзяржаўнай манаполіі на кіраванне жыллёвым фондам.

Кірыл Смяглікаў, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў