«Арт-сядзіба» пачала працу ў новым памяшканні


Шматпакутная пляцоўка для сустрэчаў і творчасці «Арт-сядзіба» арандуе новы офіс. Ужо паўгода пляцоўка абмяжоўвалася здымнаю кватэраю і сайтам у інтэрнэце, аднак, як мяркуюць стваральнікі «Арт-сядзібы», цяпер сітуацыя вакол беларускай мовы ды незалежнай культуры крыху палепшылася. Сябры параілі памяшканне, «Арт-сядзіба» як юрыдычная асоба яго зняла.

{movie}«Арт-сядзіба» пачала працу ў новым памяшканні (Агляд падзеяў культуры)|right|12833{/movie}

«Гэта пляцоўка для правядзення ўласных лекцыяў, семінараў, сустрэчаў, паказаў, а таксама нашых сяброў і партнёраў, якія маюць патрэбу ў правядзенні ўласных сустрэчаў і мерапрыемстваў. Невялікага фармату: гэта не клуб, не кавярня, а культурная адукацыйна-прэзентацыйная пляцоўка», – кажа кіраўнік «Арт-сядзібы» Павел Белавус.

Першаю імпрэзаю на новай «Арт-сядзібе» стала моўная вечарына з мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам. Перад сустрэчаю спадар Вінцук распавёў: «Мы будзем гаварыць пра беларускія імёны і прозвішчы. Але перадусім не пра іх гісторыю, а пра тое, як іх выбіраць, як дамагацца таго, каб менавіта беларускія імёны запісваліся ў нашых дакументах і дакументах нашых дзяцей».

Спроба мець сцены і дах, а таксама магчымасць развівацца і прыцягваць усё больш публікі ў «Арт-сядзібы» ўжо чацвёртая. Ранейшыя сканчаліся высяленнем непажаданай уладам пляцоўкі, дзе выступаюць непажаданыя творцы.

Іншыя тэмы: Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымала майстарка кароткага апавядання Эліс Манраў, якую называюць «англійскамоўным Чэхавым». Вітаўт Кіпель у Нью-Ёрку на 110-ю гадавіну з дня нараджэння паэткі Наталлі Арсенневай распавёў пра ейную сціпласць і дабрыню. У Празе паразважалі пра блізкасць беларускага і чэшскага народу – нядаўна тут выйшла кніга «Чэшскае усведамленне Беларусі».

Адэля Дубавец, «Навіны культуры»

Стужка навінаў