Пачобут: Лукашэнка – гэта дзіця перабудовы і Гарбачова


23 кастрычніка польскія кнігарні пачынаюць прадаваць кнігу журналіста і актывіста польскай дыяспары ў Беларусі Андрэя Пачобута «Сістэма Беларусь» («System Białoruś»).

«Белсат»: Вашая кніга распавядае пра феномен чалавека, які з кіраўніка калгасу стаў прэзідэнтам. Як магло здарыцца, што чалавек, які ў савецкія часы не займаў важнай пасады, зрабіўся кіраўніком краіны?

Андрэй Пачобут: Парадаксальна, але Лукашэнка – гэта дзіця перабудовы і Гарбачова, ён нават сам гэта прызнаў. Уладу ён атрымаў, ізноў жа парадаксальна, дзякуючы свабодзе слова і свабодным выбарам. Гэта быў ідэальны час для таленавітых папулістаў: Лукашэнку ўдалося здабыць сімпатыю беларускага грамадства, якое пачало звязваць з ягонай асобаю надзею на паляпшэнне сітуацыі ў краіне.



«Белсат»: Чаму ж тады Лукашэнка, маючы такія здольнасці, не зрабіў кар’еры ў часы СССР?

АП: У СССР не было патрэбы ў народных трыбунах. У кнізе я сканцэнтраваўся менавіта на пачатковым этапе ягонага кіравання і хацеў паказаць ягоны характар – гэта гаворыць больш, чым ягоная біяграфія. Гэтая кніга – пра сістэму, якую ён стварыў і ў якой адыгрывае ролю, важнейшую, чым першы сакратар [камуністычнай. – belsat.eu] партыі. Цэнтральны Камітэт быў калектыўным органам, які да таго ж абапіраўся на канкрэтную ідэалогію. Калі б СССР існаваў дагэтуль, Лукашэнка затрымаўся б на ўзроўні ніжэйшага або сярэдняга наменклатурнага звяна. Партыі былі патрэбныя людзі паслухмяныя, бюракраты, а не добрыя аратары. Ён хітры ды смелы, але ў савецкай сістэме гэта не дапамагло б яму прасунуцца па кар’ернай лесвіцы.

«Белсат»: У Беларусі тады сапраўды не было палітыкаў, якія маглі б яму супрацьстаяць?

АП: Былі, але ён аказаўся найлепшы. Я не пагаджаюся з меркаваннем, што Лукашэнка быў усяго толькі інструментам у чужых руках: ён сапраўды меў талент.

«Белсат»: Рэжым Лукашэнкі трымаецца на разліку ці на эмоцыях?

АП: Пасля распаду СССР застаўся апарат улады. Дэмакратычны перыяд, калі міжсобку канкуравалі розныя цэнтры ўлады, быў кароткі, і, што самае кепскае, людзі асацыявалі яго пераважна з эканамічнымі праблемамі. Яны пачалі настальгаваць па СССР, што і выкарыстаў Лукашэнка. Ён стаў аднаўляць старую сістэму кіравання, у якой месца ЦК заняў прэзідэнт.

«Белсат»: Чаму Лукашэнка не стварыў масавага руху сваіх прыхільнікаў?

АП: Яму гэтага не трэба, бо гэта магло б абмежаваць ягоную ўладу. З’явіліся б абраныя кімсьці людзі, якія атрымалі б мандат – няхай нават нейкага гарадскога аддзелу партыі. А так Лукашэнка асабіста абірае мэра, які цалкам ад яго залежны. Ягоная партыя – гэтак званая вертыкаль, якая складаецца з чыноўнікаў, цалкам ад яго залежных. Беларускія чыноўнікі спрабуюць стварыць прапрэзідэнцкую арганізацыю «Белая Русь», але сам Лукашэнка ад гэтага дыстанцуецца.



«Белсат»: Чаму Лукашэнка змагаецца з беларускаю нацыянальнай ідэнтыфікацыяй ды ставіць фактычна на русіфікацыю краіны?

АП: Думаю, што гэта пытанне ментальнасці. Лукашэнка нарадзіўся непадалёк расейскай мяжы, выхоўваўся ў расейскай культуры. Гэта было заўважна паводле ягоных выказванняў: Ельцыну ён казаў, што Масква – ягоная сталіца. Таксама казаў, што Пушкін – гэта беларускі паэт, таму што гэта свой паэт. Таксама гэтак склалася, што свядомыя беларусы, якія хочуць жыць у нармальнай дзяржаве, – ягоныя палітычныя ворагі. У выніку Лукашэнка адмоўна ставіцца да беларускай мовы і культуры.



«Белсат»: Ці прагназуюцца змены ў «сістэме Беларусь»? Лукашэнка нядаўна казаў, што не супраць таго, каб у парламенце былі дзве партыі: «правая» і «левая».

АП: Сацыялістычныя рэжымы падобнага тыпу заўсёды зрынаюцца пад уплывам гаспадарчых праблемаў, калі сканчаюцца грошы, якімі можна супакоіць незадаволенасць людзей. Лукашэнка можа змяніць рэжым, бо ён эластычны палітык. Адзінае, што мае застацца без зменаў: ён мусіць трымаць у руках «кантрольны пакет».

«Белсат»: Вас асудзілі на 2 гады з адтэрмінаваннем за дыскрэдытацыю прэзідэнта. Ці чакаеце новых рухаў з боку «органаў» пасля выдання кнігі?

АП: Хацелася б верыць, што апошняе рашэнне суда, паводле якога было скасаванае выкананне выраку, сведчыць пра тое, што ўлады зразумелі: ёсць грамадзянін Андрэй Пачобут, які публікуе розныя артыкулы, у якіх змяшчае сваё меркаванне, карыстаючыся з канстытуцыйных правоў. Ці не будзе праблемаў у сувязі з маёй кнігаю – не ведаю.

Гутарыў Якуб Бернат, belsat.eu

Стужка навінаў