Сабраны ураджай хутка пачне псавацца?


“Дажынкі” адсвяткавалі, ураджай сабралі, і час падумаць, як вырашчанае захаваць. Штогод у дзяржаўных сельскагаспадарчых комплексах псуюцца тоны гародніны, а гаспадарка нясе велізарныя страты. У чым жа прычына такога марнатраўства і як гэтага можна пазбегчы?

Спадарыня Зінаіда сёлета вынікам руплівай працы можа пахваліцца. 25 сотак ейнага надзелу ў вёсцы Благавічы на Магілёўшчыне прынеслі плён.

ЗІНАІДА ЖЫРЫКАВА, ЖЫХАРКА ВЁСКІ БЛАГАВІЧЫ:
“Усё ўрадзіла ў мяне ў гэтым годзе. І гуркі, і памідоры, і яблык было шмат”.

І як кожная руплівая гаспадыня, жанчына ведае, што ўраджай мала сабраць. Трэба яшчэ захаваць. Гэта дазволіць жанчыне мець сваю садавіну і гародніну аж да наступнага ўраджаю. Што да гаспадаркі калгаснай, то на яе не заўсёды можна разлічваць – кажуць жыхары суседняга аграгарадка Вейна.
{movie}Гаспадарчыя ўрокі для ўраду|right|12826{/movie}
ЖЫХАРКІ АГРАГАРАДКА ВЕЙНА:
“Я прынесла схадзіла кошык. Там набрала, на ферме. Прынесла, яна ўжо стала такая саплівая”.
“Я ведаю, што прывозяць буракі ды бульбу для быдла. Яны такія брудныя і страшныя, нямытыя, і беднае быдла ўсё гэта спажывае”.

І пацверджанняў такіх словаў далёка шукаць не трэба. Вось гэткім чынам захоўваецца морква для жывёлы. Што праўда, зняць больш здымачнай групе “Аб’ектыву” не дазволіла ахова. Відавочна, што сам сельскагаспадарчы комплекс ахоўваецца лепей, чым прадукцыя ў ім. Пацвярджаюць праблемы з захоўваннем прадукцыі ў Вейне і калегі з фермерскіх гаспадарак.

ДЗМІТРЫЙ ЯЎСТРАТАЎ, ФЕРМЕР:
“Нават летась я сам бачыў, што ў іх велізарная колькасць папросту выкідвалася, ці вывозілася прадукцыя на корм жывёле”.

З недаверам да вырашчанага ў дзяржаўных гаспадарак ставяцца і жыхары абласнога цэнтру. Большасць з апытаных намі магілёўцаў мае на стале садавіну і гародніну з гаспадарак падсобных.

А вось менавіта празмернае ўтрыманне хіміі ў калгаснай прадукцыі – адна з прычынаў таго, што ўраджай не захоўваецца доўга, – кажа колішні дырэктар саўгасу Пётр Мігурскі.

ПЁТР МІГУРСКІ, ЭКАНАМІСТ, АГРАРЫЙ:
“Мала таго, што нітраты самі па сабе шкодныя для здароўя, але яны і пагаршаюць якасць прадукцыі, у тым ліку захаванне прадукцыі ў пэўны перыяд. І размова нават не ідзе пра тое, каб год захоўваць, а два–тры месяцы – і прадукцыя можа сапсавацца”.

На меркаванне адмыслоўца, праблема ў тым, што дзяржава ставіць прыярытэтам не канчатковы вынік, а паказнікі. Ды штучна павялічвае аб’ёмы ўраджаю на шкоду яго якасці.

ПЁТР МІГУРСКІ, ЭКАНАМІСТ, АГРАРЫЙ:
“Да той пары, пакуль галоўным ацэначным паказнікам будзе прамежкавы паказнік, аб’ёмны паказнік, да той пары гэтыя праблемы захаванасці ды натуральнай рэалізацыі будуць аднымі з галоўных”.

Аднак па такія парады ўладам, якія працягваюць трымаць большасць сельскіх гаспадарак у сваіх руках, хадзіць да экспертаў не трэба. На кожным вясковым падворку падкажуць: каб дажыць на наступнага ўраджаю, трэба найперш паклапаціцца пра сёлетні.

Вольга Жарнасек, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў