Звароты ў падтрымку выдаўца Ігара Логвінава дасылаюць нават з Азербайджану


Восем журналісцкіх арганізацыяў, сярод якіх Міжнародная федэрацыя журналістаў, афіцыйныя і незалежныя звязы Азербайджану, Арменіі, Грузіі, Малдовы, Расеі ды Украіны, просяць у Міністэрства інфармацыі Беларусі вярнуць ліцэнзію выдавецтву «Логвінаў». Сам выдавец таксама спадзяецца, што пазбаўленне права на друк было сістэмнаю памылкаю, і справа яшчэ не закрытая.

«Мы адправілі скаргу ў Міністэрства інфармацыі з прычыны незаконнасці пазбаўлення нас ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. Юрысты лічаць, што гэта было зроблена з грубымі парушэннямі. Зараз мы чакаем адказу міністэрства на наш запыт», – кажа Ігар Логвінаў.

Фармальнаю прычынаю для пазбаўлення ліцэнзіі стаў выдадзены Логвінавым альбом «Прэс-фота Беларусі–2011», дакладней – прызнанне яго матэрыялаў экстрэмісцкімі.

{movie}Агляд падзеяў культуры|right|12806{/movie}

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец тлумачыць: «Па-першае, выданне альбому не можа быць падставаю для пазбаўлення ліцэнзіі, па-другое, калі адбываўся суд аб прызнанні матэрыялаў альбому экстрэмісцкімі, Логвінава не прыцягвалі да суда ў якасці зацікаўленай асобы, а цяпер вось да яго прэтэнзіі выстаўляюцца. Па-трэцяе, хачу нагадаць, што ў нас цэнзура забароненая Канстытуцыяй».

Апроч гэтага, паводле правазнаўцаў, Міністэрства парушыла хаду самой працэдуры. Найперш выдаўца мусілі папярэдзіць, даць час на гэтак званае выпраўленне памылак.

Іншыя тэмы: Хатні канцэрт «Neuro Dubel» прайшоў у «Графіці», Кулінковіч ацаніў змену сярэдняга ўзросту гледачоў. На свяце гораду ў Ветцы дэманстравалі ткацкае майстэрства і асаблівасці самагонаварэння. Перакладчык Макс Шчур распавёў пра рыхтаванне тэкстаў «Алесіных прыгодаў у Цудазем’і» – кнігі, якая выйшла ў ірландскім выдавецтве.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў