Палякі стварылі ў «Фэйсбуку» суполку аматараў Лукашэнкі


Высокія надоі, шчаслівыя твары і шырокія праспекты – суполка «Ацяпленне іміджу Беларусі» ў «Фэйсбуку» публікуе статыстыку і фотаздымкі, якія маюць сведчыць пра квітучае жыццё ў нашай краіне.

Толькі добрая статыстыка

Напрыклад, з паведамленняў у суполцы можна даведацца пра тое, што ўзровень беспрацоўя ў Беларусі ў 30 разоў ніжэйшы, чымся ў Польшчы, а паводле ўзроўню пісьменнасці мы перагналі нават Вялікую Брытанію. Апроч гэтага, афіцыйны Менск можа пахваліцца якасцю дарогаў (68 месца са 148) перад суседзямі (Польшча – 125, Украіна – 133, Латвія – 122, Літва – 97) ды калегамі з Мытнага звязу (Расея – 128, Казахстан – 105).

Вока наведнікаў суполкі маюць цешыць дзяўчаты ў вянках, танкі на парадзе (сведчанне абароназдольнасці) і стройныя шэрагі БелАЗаў (лідар сярод экспарцёраў).

Імідж Гітлера таксама ацяплялі

Яшчэ нядаўна ў польскай «зоне» «Фэйсбуку» існавала суполка «Ацяпленне іміджу Адольфа Гітлера», якая за некалькі месяцаў сабрала 15 тыс. прыхільнікаў. Аматары чорнага гумару стварылі яе на хвалі гісторыі з рэкламаю польскага мабільнага аператара, у якой Ленін прапагандаваў танныя званкі (рэкламу забаранілі за выкарыстанне вобразу стваральніка ідэалогіі, якая прынесла мільёны людскіх ахвяраў). Паводле аўтараў «Ацяплення іміджу Адольфа Гітлера», іхнаю мэтаю было асмейванне кіраўніка Трэцяга Райху. Але пракуратура палічыла, што ў сваіх жартах (напрыклад, пра тое, як Гітлер рэкламуе газавую інсталяцыю ў сваім аўта) яны зайшлі занадта далёка.

Нягледзячы на тое, што пасты ў суполцы «Ацяпленне іміджу Беларусі» выглядаюць надзвычай кандова, аўтараў цяжка западозрыць у іранізаванні над беларускім рэжымам.

«Лукашэнка – гарант незалежнасці, Бяляцкі – беларускі Аль Капонэ»

Прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў Польшчы няшмат. Сярод іх – ультраправы палітык Януш Корвін-Мікэ (Janusz Korwin-Mike). Гэта ён на супольнай з прэс-сакратаром амбасады Беларусі ў Польшчы Аляксеем Зелянко хваліў «яго правасхадзіцельства» Аляксандра Лукашэнку за нізкія падаткі і «ліберальную мадэль беларускай эканомікі», а праваабаронцу Алеся Бяляцкага параўнаў з амерыканскім гангстарам Аль Капонэ. Паводле Корвіна-Мікэ, Лукашэнка – адзіны гарант незалежнасці Беларусі і калі б яго не было, пад польскаю мяжою даўно стаялі б танкі.

Галасы захаплення прэзідэнтам Беларусі з’яўляюцца і на інтэрнэт-старонцы www.prawica.net. Аўтар аднаго з хвалебных артыкулаў лічыць, што Беларусь чакае небывалы поспех, бо Аляксандр Лукашэнка не распрадаў айчынных прадпрыемстваў.

Яшчэ адна інтэрнэт-старонка – «Geopolityka.org» – звязаная з Еўрапейскім цэнтрам стратэгічнага аналізу. Актыўны ўдзельнік гэтай структуры Матэўш Піскорскі (Mateusz Piskorski), былы дэпутат ад партыі «Самаабарона» (яе памерлы лідар Анджэй Лепэр (Andrzej Lepper) рэгулярна выказваў падтрыманне афіцыйнаму Менску), арганізуе прапагандысцкія паездкі ў Беларусь для замежных журналістаў.

Якуб Бернат, Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў