Экс-старшыня Нацбанку: Падвышэнне падатку на даданую вартасць – шлях у тупік


Аб’яднаная грамадзянская партыя патрабуе ад ураду не дапусціць падвышэння падатку на даданую вартасць. Паводле экспертаў партыі, гэткія змены прывядуць да пагаршэння ўмоваў жыцця ўсіх беларусаў, а праблемы «дзіравага» бюджэту – не вырашаць.

Дзе ўзяць грошы?

У наступным годзе стаўку падатку на дададзены кошт плануюць павялічыць з 20 % да 22 %. Гэта прадугледжана новаю рэдакцыяй законапраекту аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс, якую абнародавала Міністэрства фінансаў.

{movie}Экс-старшыня Нацбанку: Падвышэнне ПДВ – шлях у тупік|right|12792{/movie}

«Ва ўмовах стагнацыі беларускай эканомікі нашыя ўлады шукаюць простыя рашэнні для складаных праблемаў. Упала рэнтабельнасць эканомікі амаль на 5 працэнтавых пунктаў, знізіліся прыбыткі амаль на 38 %, паводле афіцыйных звестак, на 20 % знізіўся экспарт, таму і ўзнікаюць праблемы ў прыбытковай частцы бюджэту», – гаворыць экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч.

Як адзначаюць ў абгрунтаванні да законапраекту, прапанову аб павышэнні стаўкі ПДК у наступным годзе падрыхтавалі менавіта ў межах працы для прыцягнення ў бюджэт дадатковых паступленняў.

«Улады спрабуюць вырашыць праблемы бюджэту коштам падвышэння падаткаў. Яны забываюцца на тое, што падвышэнне падаткаў вядзе да стагнацыі эканомікі і далейшага падзення. Гэта шлях у тупік», – заявіў у інтэрв’ю «Белсату» Станіслаў Багданкевіч. У якасці прыкладу эксперт параўноўвае велічыню ПДВ у іншых краінах Мытнага звязу. Гэтак, у Расеі ён складае 18 %, у Казахстане – 12 %. «У выніку нашыя тавары на беларускім рынку стануць неканкурэнтаздольныя», – падкрэслівае Станіслаў Багданкевіч.

Чым небяспечны высокі ПДВ шараговаму беларусу?

Прадстаўнікі бізнес-асацыяцыяў не падтрымліваюць прапанову аб павелічэнні ПДК і накіроўвалі ў жніўні ліст прэм’ер-міністру Беларусі, міністру фінансаў і міністру падаткаў і зборах, у якім адлюстравалі сваю пазіцыю. Але павышэнне падатку ўдарыць не толькі па бізнесоўцах, але і па гаманцах шараговых беларусаў.

«Павышэнне ПДВ мае мультыплікацыйны эфект: кожны вытворца дадае гэтыя 2 % да кошту сваёй прадукцыі. Падаецца, што гэта няшмат, але калі гэта робіцца за некалькі этапаў, некалькі разоў, то на выхадзе мы будзем мець 10 % і нават 20 % павышэння коштаў на некаторыя прадукты», – гаворыць эканаміст Леў Марголін. Паводле яго, такія захады ўраду «губяць эканоміку і губяць вытворчасць».

У дадатак да гэтага, паводле Станіслава Багданкевіча, павышэнне ПДВ пагоршыць інвестыцыйны клімат у краіне ды ў выніку спрычыніцца да дэфіцыту бюджэту. Аб’яднаная грамадзянская партыя прапаноўвае наадварот – паступова зніжаць стаўку падатку на даданую вартасць.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў