Саннікаў згубіў давер да Бародкі. Што будзе з Беларускім домам у Варшаве?


«Заяўляю, што Зміцер Бародка ў сувязі са стратаю даверу больш не з’яўляецца каардынатарам «Еўрапейскай Беларусі» і больш не рэпрэзентуе нашую грамадзянскую кампанію», – гэтак коратка і лаканічна сфармуляваў свае прэтэнзіі да свайго паплечніка ў прэзідэнцкай кампаніі 2010 былы кандыдат, палітэмігрант Андрэй Саннікаў.

«Мяне пазбавілі статусу каардынатара яшчэ 4 месяцы таму», – кажа Зміцер Бародка. На пытанне, што меў на ўвазе Андрэй Саннікаў пад фармулёўкаю «ў сувязі са стратаю даверу», Бародка шчыра адказаў, што гэта звязанае з ягонаю новаю ініцыятываю «Разам для Беларусі», якая мае ўзяць удзел у будучай кампаніі мясцовых выбараў. А таксама «гэта звязанае з дзейнасцю Беларускага дому ў Варшаве. «Прыехаў Саннікаў, Бандарэнка і кажуць: аддавай нам Беларускі дом. Маўляў, гэты брэнд мусіць належаць «Еўрапейскай Беларусі». Я адказаў, што Беларускі дом у Варшаве стварылі для ўсіх беларусаў незалежна ад арганізацыйнай ды ідэалагічнай прыналежнасці», – кажа былы каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».

Беларускі дом у Варшаве паўстаў дзякуючы супольнай ініцыятыве «Еўрапейскай Беларусі» і «Руху за Свабоду», піша ў сваёй заяве Зміцер Бародка. «Цягам 2 гадоў ён стаў вядомаю пляцоўкаю, якая яднае беларусаў Польшчы і тых, каму цікавая Беларусь і беларусы… Збіраючыся разам, абмяркоўваючы новыя ідэі, агульныя мэты і шляхі да іх, мы выходзім на новыя аўдыторыі, новыя суполкі беларусаў у замежжы, мы бачым новыя далягляды. Такім чынам стварылася кампанія «Разам для Беларусі», мэтай і задачамі якой з’яўляецца праца па аб’яднанні беларускіх дыяспараў па ўсёй Еўропе. Я думаю, гэта тая справа, якую я магу і мушу рабіць у сённяшніх умовах, тут і зараз. І праца над ёй вымагае вялікіх высілкаў і шмат часу». Паводле Змітра Бародкі, такі кірунак дзейнасці не зацікавіў кіраўніцтва «Еўрапейскай Беларусі» і ў выніку ён не змог дамовіцца з людзьмі, з якімі працаваў разам амаль 12 гадоў.

Ніякіх зменаў у працы Беларускага дому ў Варшаве не чакаецца. Зміцер Бародка і надалей будзе займаць пасаду яго судырэктара і адначасова выконваць функцыю кіраўніка кампаніі «Разам для Беларусі» [другі судэрэктар Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк – беларускі грамадзянскі актывіст, блізкі калега Аляксандра Мілінкевіча, незалежнага кандыдата на выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2006 г. – belsat.eu].

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў