«Porsche Cayenne», «Chevrolet Tahoe», «BMW X6» – якія яшчэ аўты ў гаражы КДБ? (фота)


На адным з афіцыйных сайтаў наконт дзяржаўных закупак з’явіўся аўкцыён у аказанні паслугаў КДБ. «Камітэтчыкі» шукаюць пастаўнікоў аўтазапчастак. З пераліку прадметаў закупкі можна зрабіць выснову, якія машыны ёсць у гаражы КДБ ці, прынамсі, якія з іх патрабуюць рамонту.

Заяўку на аўкцыён падалі ад дзяржаўнай установы «Гараж аператыўнага прызначэння КДБ РБ». Меркаваны кошт закупак – Br 1 млрд.

Дарагія і моцныя

Сярод аўтаў, якія згадваюцца ў лотах аўкцыёну, ёсць і адносна новыя, дарагія машыны. Напрыклад, кросоўэр «BMW X6» 2010 года з рухавіком 4,4 літры. Гэтае аўта не ёсць паўнавартасным пазадарожнікам, а таму пра выкананне аператыўных заданняў у кепскіх дарожных умовах гаворкі не можа ісці. Сам канцэрн «BMW» пазіцыянуе гэтае аўта як «спартовае купэ для актыўнага адпачынку».

Ёсць у гаражы КДБ і паўнавартасны пазадарожнік – «Cadillac Escalade» з 6-літровым рухавіком. Хоць аўта і адносна старое (2001 г. в.), гэтая мадэль – з шэрагу люксавых дарагіх аўтаў, што і праз шмат гадоў пасля выпуску застаюцца не самымі таннымі. Ёсць у гаражы яшчэ два класічных «амерыканцы» – «Chevrolet Tahoe» (2008 г. в.), які характарызуецца «вытанчаным адштукаваннем» салону, ды «Chevrolet Suburban» – самы вялікі амерыканскі пазадарожнік, што, між іншага, уваходзіць у прэзідэнцкі картэж Оўбамы. Сярод аўтаў-легендаў – «Jeep Cherokee» (1995 г. в.), які быў гэтак папулярны ў бандытаў напрыканцы 1990-х.

Таксама прадстаўніча выглядаюць «Lexus GX 470», «Lexus RX 330» ды «Porsche Cayenne». Прынамсі назваць іх незаўважнымі – цяжка.

«Народныя аўты» для аператыўнікаў

Апроч шыкоўных і дарагіх аўтаў, у лотах згадваюцца і больш «дэмакратычныя» мадэлі. Гэта некалькі аўтаў «Opel», што сышлі з канвеераў яшчэ да 2000 года, з дзясятак «Volkswagen’аў» (у тым ліку мікрааўтобусы) ды чатыры «Ford’ы». Гэтыя аўты сапраўды надаюцца да аператыўнай працы, калі праваахоўнікам не трэба вылучацца на дарозе.

Ёсць у гаражы КДБ аўты расейскай вытворчасці – «Волгі» ды «ВАЗы».

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары