Выдавецтва «Логвінаў» пазбаўляюць ліцэнзіі за альбом «Прэс-фота–2011»


Паводле інфармацыі БАЖ, кіраўніцтва выдавецтва звярнулася да міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага з лістом, у якім адзначае: пазбаўленне ліцэнзіі адбылося незаконна, са шматлікімі парушэннямі.

Прыватнае выдавецтва «Логвінаў» пазбаўляюць ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) Андрэй Бастунец, выступаючы на V форуме грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства», што праходзіць у Кішынёве, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Паводле Бастунца, паведамленне пра спыненне ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць за подпісам першага намесніка міністра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч індывідуальны прадпрымальнік Ігар Логвінаў атрымаў 23 верасня. Як вынікае з ліста, ліцэнзія адклікаецца «ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні», што, на думку Міністэрства інфармацыі, выразілася ў выданні альбому «Прэс-фота Беларусі–2011».

У лістападзе 2012 года фотаальбомы «Прэс-фота–2011» сканфіскавалі ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча на памежным пераходзе «Каменны Лог» Ашмянскім аддзяленнем мытні і перадалі ў КДБ. Да ацэнкі зместу альбомаў прыцягнулі экспертную камісію, якую ачольваў начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Гарадзенскага аблвыканкаму Павел Скрабко. Камісія прыйшла да высновы, што ў альбоме «ўтрымліваюцца наўмысна скажоныя выдумкі аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай ды іншых сферах, якія не адпавядаюць рэчаіснасці ды зневажаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзянаў Рэспублікі Беларусь». Справу накіравалі ў Ашмянскі раённы суд, які ў красавіку гэтага года прызнаў фотаальбом «Прэс-фота Беларусі–2011» экстрэмісцкім.

Незалежнае выдавецтва «Логвінаў» існуе з 2000 года. Займаецца выданнем сучаснай беларускай літаратуры, навуковай літаратуры па гуманітарных дысцыплінах, перакладамі на расейскую і беларускую мовы.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў