«Рэпартаж Залеўскага»: Як з псіхіятра зрабілі пацыента


«Усе мае скаргі хацелі падвесці пад сістэмнае трызненне», – распавядае ў праграме вядомы віцебскі лекар Ігар Пасноў.

Заслужанага медыка мы сустракаем каля мясцовага псіхіятрычнага шпіталя. Цягам апошняга года Ігар Пасноў адпрацаваў тут лекарам. Але цяпер пакідае гэтыя муры ў ролі… пацыента. Хоць, фармальна, сёння апошні дзень гэтак званага лекавання, цяпер кожны непрыхільны да ўладаў крок можа прывесці да працягу тэрапіі.

{movie}«Рэпартаж Залеўскага»: Доктар Пасноў|right|12759{/movie}

Акурат год таму нашая здымачная група пабывала на месцы, дзе толькі, паводле папераў, функцыянаваў новы корпус хірургіі. А ўжо існыя будынкі – не шмат адрозніваліся ад руінаў. У выніку з боку Паснова пайшлі дзясяткі зваротаў у органы кантролю ў Менску. Пасля цішы ў адказ – публічныя выступы. Як голас роспачы адпаведнае відэа выстаўлялі і звычайныя пацыенты.

Праблемы ў Паснова пачаліся пасля таго, як у ягонай крытыцы ўсё часцей пачало з’яўляцца прозвішча губернатара, сцвярджаюць мясцовыя журналісты, аднак на камеру нам адмаўляюцца гэта казаць, каб не наклікаць бяды. Таксама як і адмовіліся выступіць адкрыта дзеля падтрымання Паснова працаўнікі фірмы, якія зрабілі нам ксеракопіі ягоных дакументаў за бясплатна. Бо падтрымліваюць пазіцыю вядомага лекара.

Вольга – працаўніца віцебскага музею, аматарка гісторыі ды культуры свайго гораду. Яна пагадзілася на кароткую экскурсію для нас. З гістарычнага цэнтру мы кіруемся да Музею прыватнай калекцыі. Адзінага гэткага кшталту ў Беларусі. На пачатку года на яго паклаў вока Аляксандр Косінец. Ягоная службовая кватэра, дзе раней месціліся старшыні аблвыканкаму, здалася яму зацеснай. А таму цяпер музей перарабілі, а ўваход на яго тэрыторыю – толькі для абраных.

Апроч незаўважанай рэакцыі гісторыкаў, быў і гучны зварот, вядома, спадара Паснова. Ён афіцыйна звярнуўся да ўладаў за тлумачэннямі: чаму, калі ў сферы будаўніцтва па Віцебшчыне выканалі толькі 22 % ад запланаванага, тут літаральна за некалькі месяцаў узвялі новую рэзідэнцыю замест публічнага месца, якім быў музей.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Стужка навінаў