Трактарысты ў стылі ню


Аўтарка касцюмаў «Песняроў» зрабіла выставу пра «Дажынкі».

Выстава Жанны Капуснікавай «Dажынki» адкрылася ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Менску 3 кастрычніка. У экспазіцыі прэзентаваныя каля 20 жывапісных палотнаў, напісаных у 2011–2013 гадах. Чатыры карціны – «У спакоі», «Алеся-ўцякачка», «Малады аграном» і «Даярка» – гледачы ўжо маглі бачыць на выставах Беларускага саюзу мастакоў, астатнія работы дэманструюцца ўпершыню.

Апроч карцінаў, у прасторы галерэі на трох мовах – расейскай, беларускай і англійскай – вывешаныя палотны з тэкстамі, у якіх сама аўтар, а таксама ейныя сябры раскрываюць сэнс і канцэпцыю выставы.

«Адзін мастак вызначыў мой стыль як агра-поп-арт, а я пасмяялася і назвала гэта агра-попам, – патлумачыла Жана Капуснікава. – Свята збору ўраджаю ў Еўропе адзначалі яшчэ 700 гадоў таму, яно вельмі інтэрнацыянальнае. Сваймі работамі са сваім бачаннем свята я да яго далучаюся».

Мастачка доўгі час займалася стварэннем касцюмаў для беларускіх ансамбляў, у тым ліку – “Песняроў” і дэкарацыяў для тэатру і кіно. На сваёй інтэрнэт-старонцы яна піша, што цяпер пакінула ў сваім жыцці толькі жывапіс.

АК, belsat.eu, з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН

Стужка навінаў