Непарушнае сяброўства Менску і Астаны... супраць Масквы?


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з двухдзённым візітам у Казахстан. Адносіны паміж Менскам і Астаною цяпер цяплейшыя, чымся дачыненні абедзвюх краінаў з Расеяй. Пра перспектывы супольных трохбаковых праектаў і асобныя планы Менску і Астаны…

{movie}Лукашэнка паляцеў у Казахстан|right|12744{/movie}

Афіцыйны візіт у Астану Аляксандр Лукашэнка распачаў з пратакольнага ўскладання кветак. Пра двухбаковую супрацу з Казахстанам напярэдадні візіту Лукашэнка разважаў у інтэрв’ю тэлеканалу 24 KZ. Апроч іншага, тут прагучаў і празрысты намёк кіраўніцтву Расеі: калі не будзе падтрымання – не будзе Еўразійскага эканамічнага саюзу.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
«Гэта вельмі добра, што ў нас застаўся год для таго, каб падрыхтаваць маштабныя дакументы наконт Еўразійскага эканамічнага саюзу. Чаму добра? Бо калі мы нешта недапрацавалі, то мы сарвем пачатак функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюзу. Таму ўсё, што абяцана Беларусі, усё мусіць быць рэалізавана».

Менавіта гэтыя словы дазволілі назіральнікам зрабіць выснову, што магчымае сяброўства супраць Расеі стане дамінавальнаю тэмаю двухбаковых перамоваў. Тым больш, што кропак несутыкнення паміж Беларуссю, Расеяй і Казахстанам усцяж дастаткова.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
«Некаторыя палітыкі, асабліва ў Расеі, падкідваюць у парадак дня асабліва тое, што сёння невыканальна. …Нехта кажа пра палітычную надбудову, нехта кажа пра адзіную валюту. Мы да гэтага яшчэ не прыйшлі. Мы не адчулі жэстачайшай неабходнасці гэтага».

За 8 месяцаў з пачатку года таваразварот паміж Менскам і Астаною скараціўся на 4 %– да $ 545 млн. Былы намеснік міністра эканомікі Казахстану Муратбэк Кетэбаеў прагназуе, што беларускі экспарт у Казахстан будзе зніжацца. А вось Астана можа павялічыць пастаўкі ў Беларусь дзеля далейшага рээкспарту ў Еўропу. Але калі кіраўнік Беларусі кажа, што ў бакоў няма праблемаў у эканамічнай супрацы, эксперты з гэтым пагаджаюцца. Галоўнае пытанне на парадку дня – палітычнае ўзаемадзеянне.

МУРАТБЭК КЕТЭБАЕЎ, БЫЛЫ ВІЦЭ-МІНІСТР ЭКАНОМІКІ КАЗАХСТАНУ:
«У Назарбаева пачаліся вялікія праблемы з Расеяй пасля таго, як Кітай зрабіў прарыў у нас. Памятаеце, кіраўнік Кітаю праехаў 4 краіны, і фактычна Кітай – гэта галоўны інвестар на нашай тэрыторыі. І цяпер Назарбаеў будзе шукаць саюзнікаў, каб выстаяць пад ціскам Расеі, якая хоча эканамічны саюз ператварыць у палітычны».

Апроч сяброўства супраць Расеі, бакі засяродзяцца на павелічэнні эфектыўнасці ўжо дзейных эканамічных праектаў. Да таго ж Казахстан – адная з нешматлікіх краінаў, з якой у нас – станоўчае гандлёвае сальда.

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:
«Таваразварот за 7 месяцаў – каля $ 500 млн, за год будзе крыху менш за $ 1 млрд, гэта нядрэнна, тым больш, што пераважна гэты таваразварот за кошт беларускага экспарту, то бок даволі выгадныя Беларусі эканамічныя адносіны з Казахстанам».

Што да фінансавага пытання, маўляў, Лукашэнка зноўку паехаў шукаць грошай, гэтым разам – у Казахстан, то Астана не зможа выступіць крэдыторам беларускай эканомікі.

МУРАТБЭК КЕТЭБАЕЎ, БЫЛЫ ВІЦЭ-МІНІСТР ЭКАНОМІКІ КАЗАХСТАНУ:
«Для таго, каб падтрымаць фінансава, неабходна, каб Назарбаеў даў грошай з Нацыянальнага фонду, а дзяржбюджэт у нас такі самы пусты, як і ў вас».

Пра эфектыўнасць палітычнай супрацы можна будзе меркаваць неўзабаве. Пасля двухбаковых перамоваў Лукашэнкі ды Назарбаева.

Аркадзь Несцярэнка, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў