Бітва за эфір


Пра тэлеканал «Беласат» піша электроннае выданне opendemocracy.net, у якім публікуюцца каля 5 тыс. аўтараў і які штомесяц чытаюць больш за 200 тыс. унікальных наведнікаў.

Аўтарка артыкулу Энэбэл Чэпмэн (Annabelle Chapman) распавядае пра сетку трансляцыі тэлеканалу і звяртае ўвагу на яго размяшчэнне – Варшава. «Чаму журналісты «Белсату» абралі менавіта гэты горад?» – наіўна пытаецца заходняя журналістка ў Вольгі Швед, кіраўніцы інтэрнэт-рэдакцыі тэлеканалу. «Выбар не звязаны з нейкімі асаблівымі пачуццямі да гэтага гораду… Варшава дае магчымасць журналістам з Беларусі працягваць працу ў сваёй прафесіі за мяжой. У Беларусі ў іх такой магчымасці няма». А вось кіраўнік аддзелу навінаў «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі мае іншае стаўленне да польскай сталіцы, піша аўтарка: «Ён мог бы працаваць у любым пункце свету, але абраў Варшаву, бо яна гістарычна і культурна бліжэйшая да Беларусі – пагатоў геаграфічна. Акрамя таго, дадае ён, «польскі ўрад надае шмат увагі беларускаму пытанню, у адрозненне ад большасці іншых краінаў ЕЗ». «Белсат» падтрымліваўся МЗС Польшчы з самага пачатку і фінансуецца польскаю дзяржаваю».

Тым, хто апынуўся ў Варшаве не са сваёй волі, з кожным годам цяжэй вярнуцца на радзіму – цытуе словы Вольгі Швед Энэбэл Чэпмэн: «Варшава стала для гэтых маладых людзей іхным домам, яны будуюць тут сваю кар’еру і адправілі сваіх дзяцей у польскую школу. Ці вернуцца яны, калі аўтарытарнае кіраванне Аляксандра Лукашэнкі скончыцца? Шмат хто кажа, што гэта становіцца ўсё цяжэй – дзеці растуць у гэтай краіне».

«Калі б рэжым Лукашэнкі знік, – кажа Дзікавіцкі, – я б сеў ў цягнік у той жа вечар і раніцаю быў бы ўжо ў Менску, гатовы працаваць на дзяржаўным тэлебачанні». На думку Аляксея, прыйдзе час, калі дзяржаўнае тэлебачанне будзе граць асноўную ролю ў фармаванні новай, дэмакратычнай Беларусі. І, на шчасце, ён узначальвае каманду добрых тэлежурналістаў у Варшаве, якія, ён спадзяецца, вернецца ў Беларусь разам з ім.

belsat.eu

Стужка навінаў