Беларус без правоў заехаў у Польшчу і хацеў «купіць» паліцыянтаў


Польскія паліцыянты затрымалі 38-гадовага жыхара Беларусі, які спрабаваў даць ім хабар 300 еўраў. Беларус перавысіў хуткасць, ехаў без правоў і да таго ж – на “TIR’ы”.

Польскія паліцыянты патрулявалі трасу паміж Беластокам і Варшаваю, калі заўважылі грузавік DAF, што ехаў з хуткасцю, большаю за дазволеную. Яны спынілі кіроўца і хацелі выпісаць штраф памерам 100 злотых (каля 25 еўраў). Кіроўца прасіў выпісаць штраф на ягонага знаёмца, які таксама ехаў у машыне. Каб «падмацаваць» сваю просьбу, уклаў у пашпарт 300 еўраў і аддаў яго паліцыянтам.

Як аказалася, кіроўца спрабаваў такім чынам схаваць яшчэ і тое, што не мае правоў. Некалькі месяцаў таму яго пазбавілі пасведчання кіроўцы за язду ў стане алкагольнага ап’янення. Цяпер яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

МЛ, КР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары