Беларуская кароткаметражная стужка пазмагаецца за «Оскар»


Фільм Канстанціна Фама «Пантофлікі», створаны пры ўдзеле Беларусі (Белвідэацэнтр), Расеі, Чэхіі, Польшчы ды ЗША, прайшоў кваліфікацыйны адбор Амерыканскай кінаакадэміі ды цяпер зможа пазмагацца за прэстыжную прэмію «Оскар» у намінацыі «кароткаметражнае кіно» – паведаміў interfax.by супрадзюсар кінастужкі Юрый Ігруша.

Для беларускага кінематографу падзея ўнікальная. Да гэтага часу ніводзін фільм беларускай вытворчасці не праходзіў кваліфікацыйнага адбору. Лонг-ліст прэтэндэнтаў стане вядомы ў сярэдзіне студзеня 2014 года. Пасля адбору застанецца толькі пяць фіналістаў. Уручэнне прэміі «Оскар» пройдзе традыцыйна ў Лос-Анджэлесе. Гэтым разам урачыстасць прызначылі на 2 сакавіка.

У 20-хвілінным фільме «Пантофлікі» апавядаецца гісторыя габрэйскай дзяўчыны, якая знаходзіць сваё каханне, выходзіць замуж і пачуваецца шчасліваю, пакуль не пачынаецца Другая сусветная. У фільме вы не пабачыце твараў. У кадры – толькі ногі герояў (у кастынгу ўдзельнічала больш за 200 параў ног). Менавіта такім незвычайным спосабам рэжысёр Канстанцін Фам паспрабаваў інтэрпрэтаваць гісторыю пары жаночага абутку, пачынаючы з вітрыны крамы ды скончаючы брацкаю магілаю вязняў канцлагеру Асвенцім. Апроч таго, у фільме няма ніводнага дыялогу ці маналогу, эмацыйны напал задае сімфанічная музыка.

{movie}Трэйлер фільму «Пантофлікі»|right|12742{/movie}

Фільм «Пантофлікі» – першая частка кінаальманаху «Сведкі». Дзве наступныя гісторыі – «Брут» і «Скрыпка» – працягнуць аповед пра катастрофу габрэйскага народу. У здымках «Брута» прадзюсары спадзяюцца задзеяць вядомых галівудскіх акторак – Нэталі Портмэн і Мілу Куніс.

На сённяшні момант кароткаметражная стужка «Пантофлікі» ўжо стала ўдзельніцаю і лаўрэаткаю больш як трыццаці міжнародных кінафестываляў. Яна трапіла ў калекцыю мемарыялу памяці Яд ва-Шэм у Ерусаліме, разам з карцінамі вялікіх майстроў сучаснага кінематографа – Стывэна Спілбэрга, Рамана Паляньскага і Рабэрта Бэнінні.

У найбліжэйшых планах – еўрапейская прэм’ера фільму з жывым сімфанічным аркестрам у горадзе Нюрнбэрг (Нямеччына) на «Люітпольд-арэне» у зале з’ездаў Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (у месцы, дзе Адольф Гітлер 15 верасня 1935 г. абвесціў расавыя законы Трэцяга Райху.

Ю.В., belsat.eu, interfax.by

Глядзі таксама
Каментары