Прэзідэнт сярод пачвараў


Заходзіш у краму, а там зіркае на цябе самы галоўны ў краіне. Найбольш шакуе тут, аднак, не прэзідэнт, а ягонае таварыства.

Хоць да Гэлаўіну (Halloween) яшчэ цэлы месяц, амерыканцы ў Чыкага ўжо актыўна рыхтуюцца яго святкаваць. Гэта адна з іхных самых улюбёных імпрэзаў. У вялізных гіпермаркетах і зусім невялічкіх крамках паліцы гнуцца ад абавязковых атрыбутаў – гарбузоў, а таксама чарапоў, «акрываўленых кавалкаў людскога цела», фігураў і масак самых разнастайных пачвараў. Побач з аздобамі, ад якіх мароз па скуры, і маска прэзідэнта ЗША Барака Оўбамы.

Як найвышэйшы дзяржаўны кіраўнік трапіў у адзін шэраг з Фрэдзі Кругерам, Джэкам Патрашыльнікам ды Смерцю? «Няма чаго дзівіцца, – тлумачаць знаёмыя. – Маска прэзідэнта адлюстроўвае ягоную папулярнасць».

Калі б Оўбаму не любілі, ягоных масак не было б у краме, бо прадаўцы ў Амерыцы дакладна ведаюць, на што ёсць попыт і на чым можна зарабіць. І хоць цяпер шмат якія дзяржустановы ЗША не працуюць, бо парламент не зацвердзіў бюджэту, большасць амерыканцаў, з якімі мне давялося паразмаўляць, вінавацяць у крызісе праціўнікаў Оўбамы. Шмат каму на руку, што прэзідэнт прасоўвае абавязковае медычнае страхаванне для ўсіх грамадзянаў. З гэтага скарыстаюцца, у першую чаргу, малазабяспечаныя людзі, за якіх будзе плаціць дзяржава, ды працаўнікі прадпрыемстваў, выдаткі якіх пакрые працадаўца. Адсюль – патрэба пераразмеркавання сродкаў бюджэту. Вядома, што ўладальнікі буйных фірмаў і канцэрнаў супраць такога новаўвядзення. Просты ж народ – за свайго прэзідэнта.

Жыхары ЗША напоўніцу рыхтуюцца да свята і надта не пераймаюцца тым, што адбываецца ў краіне. «Амерыканцы хворыя на Гэлаўін. Яны вар’яцеюць ад гэтага свята», – падзяліліся са мной эмігранты з Беларусі. І сапраўды, шмат якія дамы ўжо стракацяць ад незвычайных упрыгожанняў – дзесьці на дзвярах вісяць шкілеты, дзесьці перад домам параскіданыя «людскія косці», нават міска для сабакі на адным з падворкаў – таксама з касцямі ды чарапамі. Забаўныя фігуркі ведзьмаў і гномаў – версія для дзяцей.

У кожнай амерыканскай школе на Хэлоўін адбываюцца вечарыны, на якіх дзеці апранаюцца ў строі пачвараў з галівудскіх фільмаў. «Зусім як у Беларусі на навагоднія ранішнікі,толькі ў нас строі менш экстравагантныя – Сняжынкі ці Зайчыкі, а тут Дракула, Зомбі ці яшчэ нейкая страхалюдзіна», – параўноўваюць мае знаёмцы. Таксама як беларускія калядоўнікі ці валачобнікі, дзеці ў Амерыцы ходзяць па дамах на Гэлаўін, дзе за вершыкі ці песенькі атрымліваюць цукеркі.

Хоць Гэлаўін – свята з паганскіх часоў, хрысціяне ў ЗША не бачаць нічога дрэннага ў яго адзначэнні. Фігуры вялізных страшыдлаў можна заўважыць нават за некалькі крокаў ад святыняў – на будынках каталіцкіх школаў, якія вылучаюцца сваёй даволі жорсткаю дысцыплінаю.

ВШ, belsat.eu

Стужка навінаў