На 55 годзе жыцця пасля цяжкай хваробы памёр Віктар Івашкевіч


Вядомы апазіцыйны палітык памёр у рэанімацыі аддзялення транспланталогіі 9-й больніцы.

Ён ужо доўгі час пакутаваў ад цяжкай хваробы печані, патрабавалася перасадка органа, але донара ён не дачакаўся.

Наш тэлеканал выказвае сям’і палітыка глыбокія спачуванні.

Віктар Івашкевіч – беларускі палітык, актывіст-эколаг, журналіст.

Віктар Антонавіч нарадзіўся 21 верасня 1959 года ў Менску. У 1991 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ, пасля працаваў галоўным рэдактарам газеты “Рабочы”, а з 1999-га стаў віцэ-прэзідэнтам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

На пачатку 1980-х – актыўны ўдзельнік моладзевых нефармальных аб’яднанняў нацыянальна-дэмакратычнага кірунку: “Майстроўня”, “Талака”, адзін з найбольш таленавітых арганізатараў розных акцыяў.

З моманту ўтварэння Камітэту стварэння БНФ у 1988 годзе стаў актывістам нацыянальна-адраджэнскага руху. Быў адным з арганізатараў незалежнага аналітычнага цэнтру “Супольнасць”.

Палітык неаднаразова падпадаў пад адміністратыўныя пакаранні ў выглядзе арыштаў і штрафаў, на знак пратэсту абвяшчаў галадоўку. У кастрычніку 2002 года быў асуджаны на два гады абмежавання волі за публікацыю артыкулу «Злодзей павінен сядзець у турме», у якой пракуратура ўбачыла паклёп на прэзідэнта.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Віктар Івашкевіч быў даверанай асобаю Андрэя Саннікава, кандыдата на прэзідэнцтва ад «Еўрапейскай Беларусі». Неўзабаве пасля выбараў, у лютым 2011 года, Івашкевіч разам з групай іншых сябраў Партыі БНФ выйшаў з яе шэрагаў на знак нязгоды з дзеяннямі Рыгора Кастусёва, экс-кандыдата на прэзідэнцтва ад ПБНФ, і абвесцілі пра стварэнне Нацыянальна-дэмакратычнай партыі «Беларускі рух».

У Віктара Івашкевіча засталіся жонка і дарослы сын.

Прапануем вашай увазе апошняе відэа з удзелам Віктара Івашкевіча.

{movie}Чорным па белым. Грамадзянская пазіцыя: выбар і шляхі яе праяўлення|right|12741{/movie}

Ю.В. belsat.eu

Стужка навінаў