Гарбата з Рагнедаю, або гісторыя пра беларускую мастачку, Лондан і Эндзі Ўоргала


Мастачка з Кеймбрыджу пра беларускую гісторыю, арнаменты-шыфры ды тое, як намаляваць Беларусь і выставіць карціны там жа, дзе Эндзі Ўоргал.

Адна з самых запамінальных для беларускага вока серыяў карцінаў Хэлены-Аляксандры Рэут называецца “Чаяванне”. Гэта выявы вядомых жанчын, лёс які звязаны з беларускаю гісторыяй. Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Барбара Радзівіл і Бона Сфорца ў небе п’юць гарбату і абмяркоўваюць трагічны лёс Вялікага Княства…

Беларуская гісторыя ў кеймбрыджскім доме, дзе Хэлена-Аляксандра жыве з мужам Сайманам Льюісам (Simon Lewis) і маленькім сынам Дамінікам, – папулярная тэма. Яна натхняе мастачку на карціны, Сайман піша дысертацыю (тэма: памяць і скруха ў беларускай літаратуры), а Дамінік услед за мамаю напявае беларускія калыханкі. У 2011 годзе мастачка паказала ў кеймбрыджскім “King’s Art Centre” выставу пад назваю “Што такое Беларусь” (“What is Belarus”, глядзі фота). Але пра ўсё – па парадку.

Як выпускнік Оксфарду зацікавіўся Беларуссю

Мастачка нарадзілася ў Менску, малявала з дзяцінства, але паступаць паехала ў Маскву. Ужо тады, на мяжы 1990-х і 2000-х, пэўныя, на першы погляд, бяскрыўдныя факты біяграфіі нечакана набывалі палітычную афарбоўку і перашкаджалі адчуваць сябе свабоднаю студэнткаю беларускай вучэльні.

І вось – Масква. Вір мастацкага жыцця, першая праца і 13 кватэраў, якія давялося змяніць. Тут яна скончыла Расейскі гуманітарны ўніверсітэт (гісторыя рэлігіяў). А пасля была Варшава, куды яна перавялася з Маскоўскага мастацкага прамыслова-тэхнічнага інстытуту (графічны дызайн). У горадзе над Віслаю сустрэла будучага мужа – напалову англічаніна, напалову – японца.

Сайман два гады як скончыў славістыку ў Оксфардскім універсітэце і прыехаў на год, каб падцягнуць польскую мову, – адну з дзвюх, якія паглыблена вывучаў, калі быў студэнтам (другая была расейская). У выніку застаўся тут на тры гады: чакаў, пакуль Хэлена-Аляксандра скончыць Акадэмію мастацтваў (Akademia Sztuk Pięknych). З часам ягонае зацікаўленне Беларуссю перарасло ў ідэю абараніць кандыдацкую дысертацыю. Цяпер ён працуе над ёю ў Кеймбрыджскім універсітэце.

Па слядах Эндзі Ўоргала

Менавіта жывапіс складае асноўны заробак мастачкі. Сёння працы Хэлены-Аляксандры можна пабачыць на выставе ў Музеі мініяцюры “Tutto Un-Museo Su Una-Parete” у Рыме. А 9–13 кастрычніка – у славутай лонданскай галерэі “Saatchi”, дзе выстаўляліся працы Эндзі Ўоргала.

Апошнім часам палотны мастачкі засяляюць жанчыны – розных эпохаў і ў розных жыццёвых сітуацыях. У сюжэтах паганства сплятаецца з хрысціянствам, чырвонаю ніткаю прабягае беларускі арнамент – яго ж заўважаю і на руцэ Хэлены-Аляксандры: татуіроўка. Гэта вынік захаплення беларускімі вышыўкамі, якія можна чытаць, як мову. У “шыфры” на ейнай руцэ – сімвалы нараджэння і сувязі з продкамі, бога-Сонца, хросту, працы / працавітасці, першай шлюбнай ночы, калі давяраеш сваё жыццё мужчыну, а таксама дзіцяці. Вышыўкаю яна ўпрыгожыла і хатнія навалочкі, і люльку для сына.

Мастакі адчыняюць дзверы і запрашаюць на каву

Раскруціць сваё імя ў Вялікай Брытаніі цяжка, але магчыма. Тут ладзяцца адмысловыя імпрэзы, дзе можна сустрэць сваіх будучых аматараў і замоўцаў. Напрыклад, у графстве Кеймбрыджшыр дзее праект “Cambridge Open Studios”, удзельнікі якога падчас ўік-эндаў расчыняюць дзверы сваіх майстэрняў для шырокай публікі. Напрыклад, сёлета ў кожныя выходныя ліпеня можна было наведаць 190 студыяў, дзе працуюць мастакі, скульптары, ювеліры, фатографы, ілюстратары, стваральнікі мэблі, пазнаёміцца з іхнымі творамі ды штосьці набыць, а заадно і пагутарыць за кубачкам кавы з аўтарамі. Менавіта гэтак новыя імёны адкрываюць для сябе не толькі аматары мастацтва, але і ўладальнікі галерэяў. Падобная ініцыятыва існуе і ў іншых гарадах.

Шмат якія галерэі, у сваю чаргу, удзельнічаюць у Кірмашах даступнага мастацтва (Affordable Art Fair). Гэта чарговая магчымасць прадэманстраваць свае працы. Асноўная ідэя арганізатараў: мастацтва мае быць у кожным доме, а не ператварацца выключна ў крыніцу ўкладання капіталу для багатых людзей. У Лондане такую імпрэзу наведваюць у сярэднім 20 000 чалавек. Галоўнае патрабаванне: карціна можа каштаваць не даражэй за 4000 фунтаў (вядома, прыбыткам аўтар мусіць шчодра падзяліцца з галерэяй).

Інтэрактыўная мапа для замежнікаў

Дарэчы, тэму замежнікаў Хэлена-Аляксандра адлюстравала ў дыпломнай працы, якую яна абараніла ў Акадэміі мастацтваў у Варшаве. Дыплом складаўся з трох частак. Асноўным быў праект у галіне ўэб-дызайну. У часы, калі “Facebook” яшчэ не цешыўся такою папулярнасцю, Хэлена-Аляксандра стварыла сацыяльную сетку для людзей, якія жывуць або застаюцца за мяжою. Дзякуючы інтэрактыўнай мапе яны маглі знайсці, колькі іхных суайчыннікаў зарэгістраваліся ў населеным пункце, куды трапілі яны самі, і навязаць з імі сувязь.

Яшчэ адзін праект нарадзіўся пасля заканчэння вучобы. Гэта былі фотаздымкі замежнікаў, якія жывуць у Варшаве, зробленыя ў змяшанай тэхніцы. Выявы пераносіліся на металічныя пласцінкі ды апрацоўваліся: драпіны мелі сімвалізаваць наступствы пераездаў. Праект называўся “Нашыя чужыя”.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў