Дэпутаты цішком «аптымізавалі» выбарчую сістэму


Байкот выбараў забаранілі, а абскардзіць вынікі падліку галасоў будзе цяжэй. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні прынялі папраўкі да Выбарчага кодэксу. Ні з выбарцамі, ні з палітычнымі партыямі, ні з АБСЕ законапраекту не абмяркоўвалі.

Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, законапраект «накіраваны на ўдасканаленне прававога рэгулявання выбарчага працэсу, запаўненне прабелаў у заканадаўстве». Ярмошына паведаміла, што беспаярэдне з экспертамі БДІПЧ АБСЕ папраўкі ў выбарчае заканадаўства не абмяркоўваліся. Аднак, адзначыла яна, на нарадах з удзелам прэзідэнта заслухалі інфармацыю МЗС у гэтым пытанні.

Выбары маюць адбыцца «пры любым надвор’і»

Праект зменаў выбарчага заканадаўства прадугледжвае правядзенне выбараў у парламент адным турам. Пераможца выбараў будзе вызначацца паводле адноснай большасці. Мае застацца норма, паводле якой выбары залічаць сапраўднымі, калі яўка будзе не меншая за 50 %, аднак забараняецца правядзенне агітацыі, што скіраваная на «зрыў, адмену ці перанос» выбараў і рэферэндуму.

Дакумент абмяжоўвае кола асобаў, якія маюць права падаваць заявы на паўторны падлік галасоў. Цяпер гэты пералік не вызначаны. У праекце прапаноўваецца даць такое права толькі кандыдатам, а таксама выбарчым камісіям.

Прапаноўваецца таксама ўстанавіць межавы 10-дзённы тэрмін падачы зваротаў пра парушэнне выбарчага заканадаўства пасля правядзення выбараў ці рэферэндуму.

Грошы на выбары

Мяркуецца змяніць парадак фінансавання выбарчых кампаніяў. Гэтак, на прэзідэнцкіх выбарах будзе павялічаны з 3 да 9 тыс. базавых велічынь памер асабістага фонду кандыдата. Пры гэтым фармаваць яго можна будзе не пасля рэгістрацыі кандыдата, а з моманту рэгістрацыі ягонай ініцыятыўнай групы.

Памер выбарчага фонду кандыдатаў на дэпутаты Палаты прадстаўнікоў застанецца ранейшы – 1 тыс. базавых велічынь, на мясцовых выбарах у залежнасці ад узроўню савету – да 10 і да 30 базавых велічынь. У той жа час прадугледжана, што кандыдату не будуць выдзяляць бюджэтных сродкаў на выраб перадвыбарных матэрыялаў. Вызваленыя пры гэтым сродкі накіруюць на выраб выбарчымі камісіямі інфармацыйных матэрыялаў пра кандыдатаў. Інфармацыйныя матэрыялы будуць накіроўвацца кожнаму выбаршчыку разам з паведамленнем пра дату і час галасавання.

Апроч таго, законапраект дапаўняе пералік пытанняў, якія не могуць выносіцца на рэспубліканскі рэферэндум, указаннем на ўстанаўленне, змяненне і адмену збораў.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары