На чвэрць павялічыліся кошты за праезд у сталічным грамадскім транспарце. Куды ж мы коцімся?


Новы месяц і новыя падаражэнні! На чвэрць павялічыліся кошты за праезд у сталічным грамадскім транспарце. На траціну падаражалі паслугі прыгарадных аўтобусаў. Куды ж мы коцімся?
{movie}Цана білета (01.10.2013) |right|12722{/movie}
Гэтак учора менчукі рэагавалі на падаражэнне праезду. Масава скуплялі праязныя, талоны ды жэтоны. Аднаразовымі білетамі за стары кошт можна будзе карыстацца цягам дзесяці дзён. Сёння ў касах квіткі каштуюць ужо на 25 % даражэй.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ: «Студэнтам цяжка цяпер будзе, мне ў прыватнасці».
«У мяне вось сястра напісала сёння ў «Фэйсбуку»: набыла праязны, буду месяц галадаць. Можа, камусьці смешна, нам – не вельмі».
«Як толькі пенсіянерам – дабаўка, значыць, праезд праз 2–3 дні, максімум тыдзень, павышаецца».
«Вядома, гэта адчувальна. Асабліва для людзей, якія працуюць у бюджэтнай сферы. Заробак у нас не расце, як нам абяцалі».

Сённяшняе падаражэнне стала чацвёртым і самым істотным за апошнія два гады. За гэты перыяд кошт праезду падняўся на тысячу рублёў. Адна паездка па сталіцы ў аўтобусе, тралейбусе, трамваі ці метро цяпер каштуе 2500 рублёў, цана ж на месячны праязны на тры віды транспарту падскочыла ажно на 71 тысячу. Улічваючы вераснёвае падаражэнне бензіну на 5 %, няма чаму здзіўляцца.

АНТОН БОЛТАЧКА, ЭКАНАМІСТ, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ»: «Структура затратаў беларускай транспартнай сістэмы складаецца не толькі з бензіну ці дызельнага паліва, але з транспарту ды яго абслугоўвання, таму павышэнне цэнаў на паездкі – прадказальная з’ява, і ў нас на сёння яшчэ дастаткова танны праезд, калі параўноўваць з суседнімі краінамі».

І сапраўды, танней, чымся менчукам, падарожнічаць па горадзе – толькі жыхарам Кіева. Адная паездка на грамадскім транспарце ў Варшаве каштуе, у пераліку на нашыя грошы, 12 тысячаў, у Вільні – каля 9-ці, у Маскве – амаль 8,5. І, перакананыя чыноўнікі, Беларусь таксама мусіла б дагнаць суседзяў.

АНАТОЛЬ СІВАК, МІНІСТР ТРАНСПАРТУ І КАМУНІКАЦЫЯЎ
: «Паводле інфармацыі, якая ў мяне была 4 месяцы таму, у Менску праезд мусіць каштаваць мінімум Br 6 тыс. Паліва ж даражэе, заробкі таксама растуць».

Аднак, паводле экспертаў, заява гэтая супярэчыць эканамічнай палітыцы Беларусі. Транспартавая сістэма, якая выходзіць на самаакупнасць, – гэта ўжо камерцыйная структура з камерцыйнымі законамі.

КАНСТАНЦІН СКУРАТОВІЧ, «БЕЛОРУСЫ И РЫНОК»
: «Мы плоцім падаткі, у тым ліку камунальныя. Ёсць дзяржаўны бюджэт, ёсць камунальны. Яны ж мусяць выдаткоўваць грошы на падтрыманне насельніцтва».

Пакуль сацыяльная арыентаванасць дзяржавы застаецца нязменнаю, рэзкага падаражэння, якое магло б выклікаць сацыяльную незадаволенасць, кажуць эксперты, не будзе. Аднак, паводле іх, павольны рост цэнаў нават больш падступны.

АНТОН БОЛТАЧКА, ЭКАНАМІСТ, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ»: «Калі цэны падвышаюцца павольна, яны ў дастатковай ступені не кампенсуюць інфляцыі, якая можа быць у будучыні. Паступовае падвышэнне прыводзіць да таго, што пастаянна даводзіцца падвышаць, і канца гэтаму не будзе».

Інфляцыя ж у Беларусі, паводле несуцяшальных прагнозаў замежных экспертаў, па выніках гэтага года можа скласці нават 30 %.

Адэля Дубавец, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў