Статкевіч, Бяляцкі і Лобаў супраць Сноўдэна


Беларускія палітвязні, шаснаццацігадовая грамадзянка Пакістану Малала Юсафзай (Malala Yousafzai), якія перажыла напад талібаў, і Эдвард Сноўдэн – фіналісты сёлетняй прэміі Сахарава. Узнагарода прысуджаецца Еўрапейскім парламентам за ўнёсак у барацьбу за правы чалавека.



Пераможца будзе абвешчаны 10 кастрычніка на Канферэнцыі старшыняў парламентаў ЕЗ, а прыз (50 000 еўраў) будзе ўручаны 20 лістапада на цырымоніі падчас пленарнай сесіі ў Страсбуры.

Некалькі словаў пра кандыдатаў

Шанец узяць прэмію Сахарава сёлета маюць беларускія палітвязні. Сярод іх – кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, прысуджаны да 4,5 года калоніі, былы апазіцыйны кандыдат на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч і сябра «Маладога фронту» Эдуард Лобаў, асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі. Усе яны былі намінаваныя на ініцыятыву польскіх дэпутатаў Еўрапарламенту: Марэка Мігальскага, Яцэка Пратасевіча і Філіпа Качмарэка.

Кандыдатуру пакістанкі Малалы Юсафзай прапанавалі найбуйнейшыя палітычныя партыі Еўрапарламенту, у тым ліку Еўрапейская народная партыя. Пакістанская няпоўнагадовая дзяўчына стала сімвалам барацьбы за правы дзяцей ды жанчын на адукацыю ў ісламскіх краінах. Малала набыла вядомасць як аўтарка блогу для «Бі-Бі-Сі», у якім крытыкавала спробы талібаў усталяваць законы шарыяту ў даліне Сват, дзе яна жыла. У кастрычніку 2012 года на дзяўчыну напалі талібы, калі тая вярталася са школы. Яна выжыла, нягледзячы на агнястрэльнае раненне ў галаву і шыю, ды пасля інтэнсіўнай рэабілітацыі ў Брытаніі працягне там сваю адукацыю.

Яшчэ адным фіналістам прэміі стаў амерыканец Эдўард Сноўдэн, якога намінавала Партыя зялёных і Аб’яднаныя еўрапейскія левыя. Былы працаўнік «Сі-Ай-Эй» і Агенцтва нацыянальнай бяспекі перадаў медыям інфармацыю пра сістэму электроннага назірання, якую выкарыстоўвалі спецслужбы ЗША і еўрапейскіх краінаў. Цяпер ён застаецца ў вышуку ЗША, якія абвінавачваюць свайго грамадзяніна ў шпіянажы, крадзяжы ды несанкцыянаваным выкарыстанні дзяржаўнай уласнасці. 1 жніўня Сноўдэн атрымаў часовы палітычны прытулак у Расеі.

У папярэднія гады лаўрэатамі прэміі, якая прысуджаецца Еўрапейскім парламентам з 1988 года і названая ў гонар вядомага савецкага дысідэнта, фізіка Андрэя Сахарава, былі: ўдзельнікі Арабскай вясны, былы прэзідэнт ПАР Нэльсан Мандэла, лідар апазіцыйнага руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, былы генеральны сакратар ААН Кофі Анан і шэраг іншых. У лістападзе прэмія Сахарава знойдзе свайго 25-га лаўрэата.

К.Р./Ю.В. belsat.eu

Стужка навінаў