Фільм з расейскамоўным Багдановічам пераздымуць па-беларуску


Кароткаметражка «Вяртанне дадому» («Coming Home») пра Максіма Багдановіча на міжнародным конкурсе ў Літве атрымала гран-пры, а ў інтэрнэце – негатыўныя каментары наконт расейскай мовы.

Паводле сюжэту, паэт вяртаецца ў Горадню – у дом, дзе рос і ў якім цяпер месціцца ягоны музей. Адзін з працаўнікоў музею і размаўляе з прывідам класіка, а пасля страчвае прытомнасць. Максім паспявае паграць на фісгармоніі – гэта любіла рабіць ягоная маці Марыя. Яе прывід, а таксама бацькі паэта, Адама Багдановіча, з’яўляюцца ў фільме напрыканцы. Усе размаўляюць па-расейску. Фільм энтузіясты знялі бясплатна.

Стваральнікі фільму «Coming Home»:

рэжысёрка – Агата Мацко,
прадзюсар – Святлана Рапецкая,
аператар – Іван Івашка,
выканаўца галоўная ролі – Іван (Ян) Клімко,
грымёр – Алена Астапчык.

Заняў 1-е месца ў міжнародным конкурсе кароткаметражных фільмаў «Be part of it (European Cooperation)», які праходзіў у межах Еўрапейскага дня супрацы. Свае працы на ім дэманстравалі рэжысёры з Літвы, Латвіі ды Польшчы.

«Белсат» паразмаўляў са Святланаю Рапецкай, аўтаркай ідэі, якая працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі, а яшчэ нядаўна ўзначальвала гарадзенскі Музей Максіма Багдановіча. Паводле яе, расейская мова ў фільме выклікала негатыўныя каментары. Моўны выбар яна тлумачыць тым, што аўтары імкнуліся зрабіць стужку больш зразумелай для гледачоў: на фестывалі былі ўдзельнікі пераважна з прыбалтыйскіх краінаў.

Бліжэйшым часам стваральнікі «Coming Home» абяцаюць перазняць фільм па-беларуску і палепшыць мантаж.

Дарэчы, выканаўца галоўнай ролі Іван (Ян) Клімко не ўпершыню прымераў вусы класіка. Ён ужо рабіў гэта сёлета ў Ноч музеяў, пасля чаго яго «пераканалі ў ідэальным падабенстве» – таму і пагадзіўся выступіць у фільме. Пра свае прыгоды з грымам і «слёзным алоўкам», які на яго не ўплываў, ён напісаў у блогу. Грым, дарэчы, накладалі 3 гадзіны. Яшчэ 9 занялі самі здымкі.

Святлана Рапецкая кажа, што галоўнаю мэтаю было прыцягнуць да музею ўвагу дзяцей і моладзі, якіх больш цікавіць кіно ў сеціве, чымсьці заняткі або экскурсіі. «О, прышпільна, трэба глянуць, хто такі быў гэты Багдановіч», – такою нярэдка была рэакцыя на стужку, якую можна паглядзець на youtube.com.
{movie}Фільм „Coming Home”|right|12706{/movie}
Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары